Каб своечасова пасеяць яравыя культуры, гаспадаркам раёна перш за ўсё трэба закрыць «восеньскія агрэхі» — узняць глебу, якая засталася неперааранай на зіму. А гэта без малога 11 тысяч гектараў. (З планам справіліся «Маяк Браслаўскі» і «Урбаны»). Па падліках агранамічнай службы ў пару справіцца з веснавым ворывам можна толькі пры ўмове, калі за дзень узнімаць не менш як 330 гектараў. І хаця ў большасці гаспадарак да пераворвання глебы прыступілі ў апошнія дні мінулага тыдня, працавалі на палетках трактары і ў выхадныя, ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах на раніцу панядзелка было ўзарана менш за агульнараённую дзённую норму — 302 гектары, або 2,8% да плана. У «Агравідзах», «Новай Гвардыі» і «Браслаўскім» да пачатку гэтага тыдня работа наогул не вялася.
Баранаванне шматгадовых траў і пашы — адзін з важнейшых агратэхнічных прыёмаў, які дазваляе павысіць ураджайнасць зялёнай масы. Асабліва важна прабаранаваць травяныя палеткі пры недахопе азотных угнаенняў. Гэтую работу пакуль пачалі толькі ў «Слабодцы-агра», «Мяжанах», «Бярозавым краі», «Друйскім» і «Агравідзах». Забаранавана 417 гектараў. Пры гэтым палова ад усёй плошчы прыпадае на апошнюю гаспадарку.
Мяркуючы па надвор’і, якое ўсталявалася пасля выхадных, бягучы тыдзень стане пачаткам масавых веснавых палявых работ ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна.
Механізатар ААТ «Слабодка-агра» Юрый Вецер з чацвярга вядзе ворыва глебы.
Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.