Сяўба пачала свой адлік

Деньги

IMG_5284У хлебаробаў заведзена весці адлік веснавых палявых работ не з таго моманту калі на палеткі выпраўляецца тэхніка на падсеў шматгадовых траў, падкормку азімых культур ці шматгадовых траў, баранаванне пашы, а з таго дня, калі сеялкі пакладуць у глебу першыя зярняты. Сёлета адпраўной кропкай стартаваўшай сяўбы стала серада 6 красавіка. У гэты дзень сеяць збожжавыя і зернебабовыя пачалі механізатары ААТ «Слабодка-агра» і «Агравідзаў». На наступны дзень у сяўбу ўключаліся хлебаробы «Мяжан», «Маяка Браслаўскага», «Бярозавага краю», «Відзаўскага» і «Друйскага». Усяго за першыя два дні было пасеяна 149 гектараў збожжавых і зернебабовых, з якіх апошнія ў чыстым выглядзе занялі 63 га.

Як станоўчы момант сёлетняга года варта адзначыць, што ва ўсіх гаспадарках сяўбу вядуць з тэхналагічнай каляінай, і трэба спадзявацца вытрымаюць гэты прыём да завяршэння работ. Аб’ёмы іх вялікія. Яравымі культурамі плануецца заняць 21 270 га: 13 514 — збожжавымі і зернебабовымі, 3 500 — крыжакветнымі, столькі ж кукурузай і 715 гектараў — аднагадовымі. І гэта яшчэ не ўсё. Паралельна трэба араць глебу, якая засталася няўзнятай з восені, падкармліваць азімыя культуры, збіраць з палёў камяні. З улікам усіх работ нагрузка на механізатараў узрастае ў разы, а, значыць, без арганізацыі двухзменай работы энерганасычаных трактароў не абысціся, на што ўвесь падрыхтоўчы перыяд звяртала ўвагу кіраўніцтва раёна.

Ворыва вядзецца ўжо больш тыдня. Узнята ж усяго 838 га палеткаў, што складае толькі 7,7% да плана. Праўда, трэба адзначыць, што ў параўнанні з першымі днямі работы, за апошнія дзённыя нормы выпрацоўкі пачалі расці. Аднак работу ў дзве змены нідзе так і не арганізавалі.

А вось да забеспячэння занятых на палявых работах людзей гарачым харчаваннем кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў падыйшлі больш адказна. Амаль усе сталовыя ўжо працуюць. Напрыклад у мінулы чацвер, калі наведваўся на мехдвор першага аддзялення ААТ «Слабодка-агра», механізатары з удзячнасцю адзываліся пра работу старшага повара іхняй сталовай Наталлі Глод, вельмі расхвальвалі прыгатаваныя ёй стравы, акуратнасць у рабоце.

Мяркуючы па надвор’і, якое ўсталявалася ў канцы мінулага тыдня, вясна дае шанц пасеяць яравыя культуры ў лепшыя тэрміны і іх важна не ўпусціць, доўга не раскачвацца, а адразу набраць тыя тэмпы дзённых выпрацовак, якія вызначаны ў планах правядзення пасяўной у кожнага кіраўніка і агранома.

Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.

На здымку: Старшы повар сталовай ААТ «Слабодка-агра» Наталля Глод.