Графік сяўбы напружаны. У ААТ «Агравідзы»

Деньги

IMG_0104Сёлета ў ААТ «Агравідзы» яравымі культурамі плануюць заняць плошчу ў 2600 гектараў. Хлебаробы гаспадаркі першымі ў раёне пачалі веснавую сяўбу і з першых дзён паступова нарошчваюць тэмпы работ. Пра тое, як арганізаваны рабочы працэс, карэспандэнт газеты Аляксандр Азевіч пагутарыў з дырэктарам акцыянернага таварыства Уладзімірам Залатуха.

— Уладзімір Антонавіч, давайце пачнем размову з агранаміі: структуры пасяўных плошчаў, іх памерах, забяспечанасці насенным матэрыялам.

— Сёлета графік веснавой сяўбы ў нас даволі напружаны. Справа ў тым, што мы прырэзалі амаль тысячу гектараў ворыўных зямель ад суседняй «Новай Гвардыі». Прычым у «спадчыну» палова з іх дасталася не перааранай восенню. Таму давялося карэкціраваць планы, каб паспець узараць тыя плошчы.

Структуру ж пасяўных плошчаў, нават з улікам прыбаўленых, мяняць не збіраемся. Яна ў нас складвалася гадамі. Больш усяго адводзім пад ячмень — 800 га, зернебабовыя зоймуць 450, пшаніца — 200, авёс — 150 гектараў.

З насенным фондам праблем у нас ніколі не існавала. Маючы такога спрактыкаванага агранома-насенневода як Міхаіл Папакуль, сорамна было б сеяць зернем другой ці трэцяй рэпрадукцыі. Сеем толькі першую і эліту. З першага дня сяўбы працуе пункт пратручвання насення. Гады чатыры назад для гэтай мэты мы набылі мабільны ўніверсальны агрэгат, які эфектыўны, эканомны і просты ў эксплуатацыі. Пад патрэбнасць закуплены хімпрэпараты.

— Якая тэхніка занята непасрэдна на сяўбе?

— Штодзень на палеткі выпраўляем тры пасяўныя агрэгаты, пяць культыватараў і два дыскатары. Глебу паспяваем падрыхтаваць з запасам. Каб да мінімуму скараціць час загрузкі сеялак задзейнічаем тры загрузчыкі насення: па данаму на кожны з АПП-6.

Рабочы дзень пачынаецца ў 7 гадзін раніцы і доўжыцца да цямна. Наладжана двухразовае гарачае харчаванне з дастаўкай да месц работы. Скажу, што плануемых норм выпрацоўкі яшчэ не дасягнулі. Звязана гэта ў першую чаргу з частымі пераездамі з аднаго поля на другое, бо глеба яшчэ застаецца пераўвільготненай, таму нельга арганізаваць сяўбу на вялікіх абшарах. Але ж гэта справа часу.

— Сёлета ваша гаспадарка першай пачала сеяць не толькі збожжавыя і зернебабовыя, а і найбольш актыўна займалася падсевам траў.

— Сапраўды, за канец сакавіка — пачатак красавіка паспелі падсеяць амаль 600 гектараў і толькі бабовымі.

Калі ж гаварыць пра работу ўсяго механізаванага атрада, які заняты на сяўбе, то скажу, што туды ўключаны толькі лепшыя, правераныя гадамі людзі. Таму ўпэўнены, наколькі б напружаным не быў графік пасяўной кампаніі, хлопцы настроены пасеяць збожжавую групу да 1 мая.

— Дзякуй за гутарку. Поспехаў вам і спрыяльнага надвор’я.

Фота аўтара.

IMG_9843Лепшы сеяльшчык ААТ «Агравідзы» Уладзімір Ступель.