
У першы дзень красавіка ў Віцебску адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў абласнога агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Выратавальнікі вачамі дзяцей”. Былі сярод іх і браслаўчане. Творчае ўвасабленне крэатыўных ідэй і выканальніцкі ўзровень работ нашых школьнікаў атрымалі высокую ацэнку.
Так, вучаніца 9 “В” класа першай гарадской школы Злата Касцюкевіч узнагароджана дыпломам трэцяй ступені ў намінацыі “Плакат”. Адзначыла журы і калаж “Каробачка малая — бяда вялікая”, прысвечаны небяспечнаму абыходжанню з запалкамі. Яго аўтары, дзесяцікласніцы гэтай жа ўстановы адукацыі Валерыя Панцялейка і Вікторыя Цярэнцьева, атрымалі спецыяльны прыз і ўдзячнасць Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС.
Пажадаем творчым школьніцам далейшых поспехаў!
Жанна Бялько.
Фота аўтара.