
З надыходам мая у рознагалоссе вулічных гукаў уліваецца гудзенне машын для падкоскі газонаў. Прычым шум працуючых газонакасілак чутны адразу ў некалькіх месцах горада — у прыватным сектары, на тэрыторыях арганізацый. Гарадскія ж вуліцы, пляжы, двары шматкватэрнай забудовы, іншыя грамадскія месцы абкошваюць рабочыя “Браслаў-камунальніка”.
Спецыяльнасць матарыста газонакасілак (трымершчыка, газонакасільшчыка) маладая і ў чыстым выглядзе даволі рэдкая ў Беларусі. Па словах начальніка ўчастка добраўпарадкавання, саначысткі і бытавога абслугоўвання КУП ЖКГ “Браслаў-камунальнік” Станіслава Галіцкага, падрыхтаваныя газонакасільшчыкі з праходжаннем неабходнай атэстацыі з’явіліся ў гарадской камунальнай службе гадоў 6-7 таму назад. Калі раней там-сям косамі збівалі пустазелле і перарослую траву, то цяпер з мая па верасень абкошваюць нашы вуліцы 6 работнікаў “Браслаў-камунальніка” ў райцэнтры і 4 на ўчастках ЖКГ. Усе яны абавязкі газонакасільшчыка сумяшчаюць з іншымі — рабочага па добраўпарадкаванні, аператара кацельні ці ачышчальных збудаванняў, слесара-рамонтніка. Для догляду тэрыторый у распараджэнні ўчастка, акрамя трымераў, задзейнічана газонакасілка і навясная на трактар ротарная каса.
Па рэкамендацыі Станіслава Галіцкага пра асаблівасці працы трымершчыка пацікавіўся ў Міраслава Хлябовіча, аднаго з самых адказных рабочых участка па добраўпарадкаванні:
— Перш чым узяць у рукі трымер, прайшоў пры “Браслаў-камунальніку” курсы, здаў экзамен па ўстройстве газонакасілкі, навыках касьбы, тэхніцы бяспекі. Калі прыходзіць час стрыгчы газоны, рабочы час пачынаецца ў 7 гадзін. Заданне на дзень вызначае начальнік участка, прычым зранку ніколі не пачынаем гудзець у жылфондзе: навошта ж шумам машын турбаваць людзей. Каб працаваць без збояў, заўжды за плячамі рукзак з пяццю літрамі паліва, запасной лёскай і ключамі.
— А што, рамантаваць трымер таксама ваш абавязак?
— Не, толькі штодзённае тэхабслугоўванне і дробны рамонт. У выпадку ж паломак прадпрыемства здае агрэгаты ў спецыялізаваныя майстэрні.
— Не раз даводзілася бачыць, як з-пад трымера, бы з прашчы, ляцяць камяні. Ці не здаралася траўмаў?
— Для бяспекі працы прадпрыемства абавязкова выдае спецвопратку і абутак, маску для абароны твару, рукавіцы. Бывае, што сінякі на нагах і з’яўляюцца, але ж гэта дробязь.
— Прызнайцеся, цяжка штодзённа з ранку да вечара падкошваць траву, тым больш што нярэдка працаваць даводзіцца на няроўнай мясцовасці.
— Прафесійны трымер важыць з запраўкай 13 кг. І ён цэлы дзень вісіць і гудзіць на плячах. Таму навічкам гэтай справы сапраўды спачатку цяжка: рамяні набіваюць плечы. Але з цягам часу прызвычваешся, уцягваешся і ставішся да гэтай працы, як і да любой іншай рабочай прафесіі. Лёгка там, дзе нас няма (усміхаецца), а тут і гарантаваная работа, і зарплата, па “браслаўскіх мерках”, годная.
Казімір Пятушка. Фота аўтара.