Маштабны рэспубліканскі мотапрабег і спартыўная сацыяльная акцыя “Хутчэй. Яскравей. Лепш” пры падтрымцы Белхімпрафсаюза і кампаніі “Лукойл” прайшлі ў гарадах Беларусі напярэдадні Міжнароднага дня аховы дзяцей.
Стартавала акцыя 17 мая ў г. Салігорску. На працягу 10 дзён 18 байкераў пабывалі ў адзінаццаці гарадах краіны. У мінулую нядзелю яны завіталі ў Браслаў. Размясціліся ўдзельнікі мотапрабегу на турбазе “Браслаўскія азёры”, а паколькі ўсе матацыклісты ўпершыню наведалі наш край, то з вялікім задавальненнем здзейснілі экскурсію па прыгожых мясцінах Браслаўшчыны. На наступны дзень разам з
прадстаўнікамі мотаклуба “Road Dog’s” яны сустрэліся з выхаванцамі Друйскага дзіцячага дома, пакаталі ўсіх жадаючых на сваіх прыгожых байках, правялі вясёлыя конкурсы, пачаставалі хлопчыкаў і дзяўчынак саладосцямі. Безумоўна, не абышлося і без фотаздымкаў на памяць.
Тэкст і фота Алены ПЯТУШКА.