ПЕРШАЯ ЎЗНАГАРОДА

Акции, конкурсы, выступления Отдых

img_6241Напрыканцы кастрычніка ў Лепелі адбылося абласное свята-конкурс дзіцячых тэатральных калектываў, прысвечанае Году культуры. Удзельнічалі ў ім 15 калектываў з Віцебскай вобласці. Браслаўшчыну прадстаўлялі дзіцячы тэатр мініяцюр “Міні-мімы” і драматычны калектыў “На біс” Браслаўскага РЦК.

Выступленні дзяцей на роднай сцэне падчас розных канцэртаў ужо бачылі многія. Тэатр “Міні-мімы”, які складаецца з трэцякласнікаў і чацвёртакласнікаў школы № 2, асвойвае азы буфанады, а ў калектыве “На біс” дзевяцікласнікі гімназіі вывучаюць драматычныя жанры. Займаецца з дзецьмі рэжысёр народнага тэатра Яўген Набееў.

На суд абласнога журы браслаўчане вынеслі дзве мініяцюры — “Асцярожна, дзеці” і “Чыстая планета”. Першая — пра прыгоды маленькіх непасед, другая прысвечана праблеме забруджвання прыроды.

Абедзве мініяцюры былі ацэнены журы толькі са станоўчага боку. Пры гэтым дзіцячы тэатр мініяцюр “Міні-мімы” атрымаў сваю першую ўзнагароду, заняўшы другое месца на абласным свяце-конкурсе. Улічваючы, што ў нумары “Асцярожна, дзеці” былі задзейнічаны і некаторыя ўдзельнікі калектыву “На біс”, можна сцвярджаць, што гэта іх сумесная ўзнагарода.

— Усе дзеці творчыя і здольныя, яны справіліся з хваляваннем, добра выканалі свае ролі, падтрымлівалі адзін аднаго за кулісамі. Цяпер будзем рыхтавацца да паездкі на абласное свята гумару “Смяяцца не грэх”, бо нас запрасілі выступіць на яго адкрыцці, — пракаменціраваў выступленне юных браслаўчан Яўген Набееў.

■ Аліна БРАС.