За 8 месяцаў бягучага года ў раёне зарэгістравана 53 крадзяжы маёмасці грамадзян і юрыдычных асоб. Часта ў міліцэйскай хроніцы сустракаюцца факты знікнення лодак і лодачных матораў. І па колькасці такіх злачынстваў у сумным рэйтынгу вобласці лідарам з’яўляецца Браслаўшчына, што адмоўна адбіваецца на яе іміджы.
— З пачатку года з заявамі пра знікненне лодак і матораў звярнуліся 10 чалавек. У большасці выпадкаў зламыснікі крадуць дарагія плаўсродкі і, як правіла, тыя, што пакінуты без нагляду. Як вынік — рэчы, якія часта каштуюць не адну сотню рублёў, сплываюць у прамым і пераносным сэнсах. Скрадзеныя лодкі і маторы ці перафарбоўваюць і збываюць, ці вывозяць у іншы рэгіён. У абодвух выпадках знайсці такую рэч вельмі складана, — гаворыць намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Браслаўскага РАУС Вадзім Балтуноў.
Як адзначаюць у міліцыі, лодкі ў асноўным становяцца аб’ектам зламысных замахаў падчас наведвання іншагароднімі рыбакамі нашых азёраў. З 10 фактаў, кажа В. Балтуноў, не ўдалося раскрыць ні аднаго. У 9 выпадках лодкі ўкралі з берага возера, яшчэ ў адным — з гаража. Самымі папулярнымі ў гэтым сумным рэйтынгу з’яўляюцца воз. Струста, Дрывяты і Богінскае.
У большасці выпадкаў крадзеж адбыўся шляхам свабоднага доступу. Яшчэ горш, калі пра знікненне воднага транспарту паведамляюць праз пэўны час. І часта ўсё гэта з-за таго, што пацярпелыя самі не забяспечылі адпаведным чынам захаванасць сваёй маёмасці. Такіх выпадкаў у практыцы міліцыянераў нямала. Прыклад гэтага года: рыбакі вечарам пакінулі сваю лодку на беразе возера. Раніцай жа дарагога плаўсродку і рыбацкіх прылад не знайшлі. У яшчэ адным выпадку зламыснікі крадзеную з берага возера лодку схавалі ў другім месцы і чакалі зручнага часу, каб яе збыць, аднак праваахоўнікі знайшлі яе хутчэй. Самая маленькая сума матэрыяльнага ўрону ад крадзяжу лодак і матораў сёлета дасягала 400 рублёў, а самая буйная — 2 500 – 3 000.
- Крадзеж лодкі ці матора кваліфікуецца як крадзеж у буйным памеры, і за такое злачынства пагражае крымінальная адказнасць. Часцей за ўсё падобныя злачынствы ўчыняюцца групай асоб, што яшчэ больш узмацняе адказнасць і пагражае пазбаўленнем волі да 4 гадоў. А калі такое злачынства ўчынена групай асоб і ў асабліва буйным памеры — да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Каб пазбегнуць такіх сумных здарэнняў, праваахоўнікі просяць уладальнікаў воднага транспарту быць больш пільнымі і не пакідаць лодкі на беразе без нагляду. Абсталяванне лодак ненадзейнымі запіраючымі прыстасаваннямі, прымыканне да лёгка дэманціруемых канструкцый, бяспечнасць грамадзян, абыякавыя адносіны да захавання сваёй маёмасці — усё гэта спрыяе крадзяжу. Даволі часта міліцыянеры сутыкаюцца з выпадкамі, калі кампанія аматараў рыбалкі вечарам выпівала, а раніцай не магла знайсці лодку, матор да яе ці снасці для рыбалкі. Калі летам лодкі крадуць з берагоў возера, то зімой — з незачыненых будынкаў на дачах. РАУС нагадвае, што такія каштоўныя рэчы лепш забіраць з дач, а калі ўсё ж такі злачынства адбылося — своечасова паведамляць у аператыўна-дзяжурную службу па нумары 102 пра ўчынены крадзеж.
■ Таццяна ПЯТУШКА.