Служыце годна, браслаўчане!

Новости

2 Штогод дзясяткі маладых людзей адпраўляюцца на службу ў армію. Яна па праве лічыцца школай мужнасці і загартоўкі характару, пасля якой хлопцы вяртаюцца сапраўднымі мужчынамі. Абавязкова рады салдат папаўняюць і маладыя браслаўчане.

3Армія для іх — новая веха ў жыцці, яшчэ адна яго прыступка. Безумоўна, хлопцы хвалююцца, бо не ведаюць, што іх чакае наперадзе. Каб узняць настрой маладым людзям, якія трапілі ў сёлетні восеньскі прызыў, былі арганізаваны ўрачыстыя провады ў армію падчас дня прызыўніка. А самым хвалюючым для іх момантам стала ўручэнне павестак на службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь.

Маладыя браслаўчане, а іх у восеньскім прызыве 61, будуць год ці паўтара фізічна загартоўвацца, 1спасцігаць асновы ваеннай справы, прывыкаць да армейскай дысцыпліны ў войсках пагранічнай службы, МУС, мабільных сіл, супрацьпаветранай абароны і электроннай барацьбы. Тут яны не толькі атрымаюць веды і навыкі, але і даведаюцца, што такое сапраўднае мужчынскае армейскае сяброўства.

Усё гэта ў іх наперадзе. А пакуль у адрас заўтрашніх салдат у іх урачысты дзень гучалі добрыя словы, пажаданні і настаўленні годна служыць.

Першым з прывітальным словам выступіў раённы ваенны камісар Віталь Грамніцкі, які адзначыў, што сёння больш за 130 юнакоў Браслаўшчыны служаць ва Узброеных Сілах, многія з іх адзначаны кіраўніцтвам ваенных часцей як лепшыя. Маладому папаўненню ёсць з каго браць прыклад. Ён 4пажадаў навабранцам служыць годна, сумленна, захоўваць лепшыя традыцыі армейскага жыцця, а праз годаўтара вярнуцца сапраўднымі мужчынамі, абаронцамі сваёй сям’і і краіны.

Пажаданні і настаўленні будучым салдатам адрасавалі намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка, старшыня раённага савета ветэранаў Вера Сяліцкая, намеснік начальніка пагранпаста “Урбаны” па ідэалагічнай рабоце Павел Мішчанка. Пробашч Браслаўскай парафіі Станіслаў Мжыглуд таксама павіншаваў юнакоў і благаславіў іх на ваенную службу.

5Цяжэй за ўсё развітвацца з юнакамі, хоць і ненадоўга, іх бацькам. Хвалявалася кожная маці, якая прысутнічала на мерапрыемстве, бо разумела, што праз некалькі дзён сын адправіцца ў армію. Ад імя бацькоў свае кранальныя словы будучым абаронцам адрасавала Раіса Матуль — маці аднаго з іх.

Самым жа ўрачыстым момантам стала ўручэнне Вольгай Вялічка і Віталем Грамніцкім павестак будучым салдатам. Сёлетнія прызыўнікі ў сваю чаргу паабяцалі годна выканаць свой воінскі абавязак і з гонарам пранесці званне абаронцы Айчыны.

■ Таццяна ПЯТУШКА.

Фота аўтара.