Чым жыве аддзяленне паштовай сувязі ў Друі

Калейдоскоп

1Для вяскоўцаў аддзяленне паштовай сувязі з’яўляецца інфармацыйным цэнтрам, таму яго супрацоўнікі заўсёды павінны быць у курсе ўсіх навін і інавацый.

А яшчэ, лічыць загадчыца аддзялення паштовай сувязі ў Друі Наталля Адамёнак, трэба знаходзіць агульную мову з кожным кліентам.

— Жыццё ў нас віруе, — кажа Наталля Леанідаўна, — людзі заходзяць заплаціць за паслугі, набыць часопісы ці іншыя тавары. Мы ўжо добра ведаем, якую перыёдыку яны купляюць, хто якія газеты выпісвае.

Хутка справіцца з разнастайнымі запытамі наведвальнікаў загадчыцы дапамагае аператар паштовай сувязі Наталля Пятроўская.

Самая напружаная пара для супрацоўнікаў пошты наступае ў час падпісной кампаніі. А каб яе не праваліць, працаваць даводзіцца ў гэтым накірунку пастаянна, знаходзіць падыход і патрэбныя словы для кожнага падпісчыка. Таму і план па падпісцы на “Браслаўскую звязду” друеўскія паштавікі нават перавыконваюць.

— Наша галоўная задача, — адзначае Наталля Адамёнак, — зрабіць так, каб кліенты выходзілі з пакупкамі і добрым настроем.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.