Напрыканцы лютага райкам ГА БРСМ правёў раённы конкурс на лепшую пярвічную арганізацыю сярод устаноў адукацыі раёна «Школьны марафон». Такое мерапрыемства ўжо стала традыцыйным і заўсёды на ўра ўспрымаецца моладдзю, бо ў ім удзельнічаюць самыя творчыя, крэатыўныя і актыўныя школьнікі раёна.
На гэты раз за перамогу, званне лепшай школьнай пярвічкі БРСМ і магчымасць прадставіць раён на занальным ці абласным этапе змагаліся каманды з гімназіі, СШ № 2, Ахрэмаўскай, Відзаўскай, Дрысвяцкай і Опсаўскай школ.
Уся праграма «Школьнага марафону» складалася з трох конкурсаў. У першым з іх — «Знаёмцеся, гэта мы» — каманды-ўдзельніцы па-рознаму прадстаўлялі не толькі сябе, але і дзейнасць сваёй пярвічнай арганізацыі, яе гісторыю і традыцыі, пераемнасць і сувязь пакаленняў. Сапраўды, майстэрству школьнікаў трымацца на сцэне можна было пазайздросціць. Яны зрабілі свае нумары насычанымі і цікавымі, дапаўнялі іх прэзентацыямі, спявалі, танцавалі і жартавалі.
У кожнай каманды быў свой капітан — самы актыўны ўдзельнік не толькі жыцця пярвічкі, але і школы. Яго здольнасці раскрыў другі конкурс — дуэт «Лідар-сюрпрыз». Школьнікі ў ім выступалі разам са сваімі старэйшымі лідарамі — педагогамі. І дарослыя, і дзеці пакарылі зал сваімі песнямі, жартамі і крэатыўнымі задумамі. А таксама яшчэ раз даказалі, што ў нашых установах адукацыі вучацца творчыя школьнікі і працуюць ініцыятыўныя педагогі. Апошні конкурс — прэзентацыя кніг «Крыніца мудрасці» — стаў вырашальным. Тут школьнікам трэба было паказаць, што яны не толькі актыўныя, але і адукаваныя. Загадзя яны павінны былі выбраць твор любога беларускага аўтара і ўжо са сцэны расказаць пра яго так, каб кожнаму ў зале захацелася прачытаць абранае
апавяданне ці раман. І ў каманд гэта сапраўды атрымалася. Яны рэкламавалі твор, здзіўлялі, прыцягвалі ўвагу да фактаў, сюжэтнай лініі, персанажаў, нават у тэатралізаванай форме паказвалі са сцэны самыя яркія моманты кнігі. Пры гэтым для прэзентацыі выбралі творы не толькі вядомых беларускіх аўтараў, але і нашых землякоў. — Узровень падрыхтоўкі і выступлення канкурсантаў парадаваў.
Усе каманды падышлі да «Школьнага марафону» творча і даказалі, што браслаўская моладзь актыўная. Таму кожны можа лічыць сябе пераможцам, — падкрэсліла першы сакратар райкама БРСМ Надзея Плясун.
Тым не менш па выніках «Школьнага марафону» трэцяе месца заняла Відзаўская школа, другімі сталі вучні з гімназіі. Ну а пераможніцай конкурсу адзінагалосна была прызнана вясёлая і творчая каманда з Дрысвяцкай школы. Менавіта яна прадставіць у сакавіку наш раён на занальным этапе ў Шаркаўшчыне. ■
Таццяна ПЯТУШКА.
Фота аўтара.