У цэнтры падзей разам з раёнкай

Калейдоскоп Люди Отдых

1Падчас чарговай сустрэчы з чытачкай «Браслаўскай звязды» яшчэ раз упэўнілася, што падпісчыкаў у нашай газеты даволі многа, прычым рознага ўзросту. Сваімі меркаваннямі наконт выдання дзеліцца і браслаўчанка Алена Сідарава.

— Раённую газету выпісвала мая маці, таму з дзяцінства гэтая крыніца інфармацыі мне вядомая. Калі ў малым узросце больш звяртала ўвагу на фотаздымкі, то цяпер з задавальненнем чытаю ўсе артыкулы. Падабаецца, што газета змяшчае шмат разнастайнай інфармацыі і дазваляе быць у курсе падзей, што адбываюцца на Браслаўшчыне. Асабліва цяпер, калі пяты год знаходжуся ў водпуску па доглядзе дзіцяці.

«Браслаўская звязда», — адзначыла Алена Сідарава, — не толькі дае магчымасць атрымаць звесткі пра жыццё раёна, але і дапамагае быць юрыдычна «падкаваным». Звяртаю ўвагу на публікацыі пад рубрыкамі «Чалавек і яго справа», «У вольны час», іншым разам прыемна здзіўляюся, наколькі многа таленавітых людзей жыве ў нашым краі. Не забываюць карэспандэнты і пра маладых спецыялістаў. Вельмі цікавыя артыкулы пад рубрыкай «Нявыдуманыя гісторыі». Хацелася б, каб больш друкавалася парад спецыялістаў, якія тычацца выхавання дзяцей.

Жадаю газеце і надалей падтрымліваць дасягнуты ўзровень і, безумоўна, больш падпісчыкаў. ■

Гутарыла Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.