Не сакрэт, што для папраўкі пацыентаў у бальніцах шмат намаганняў прыкладваюць менавіта медыцынскія сёстры. Яны выконваюць не толькі назначэнні ўрача, але і дапамагаюць пацыентам спраўляцца з фізічнымі і маральнымі пакутамі. І толькі цярплівыя, чулыя і спагадлівыя застаюцца ў гэтай прафесіі. Менавіта да такіх адносіцца і старшая медсястра Відзаўскай УБ Людміла Гайлеўская.
Яшчэ ў школе дзяўчына цвёрда вырашыла стаць сястрой міласэрнасці. Жаданне і памкненне дапамагаць людзям спрыяла яе вучобе ў медвучылішчы. Гэта ж дапамагло маладому спецыялісту хутка набрацца прафесіянальнага вопыту.
— Работа наша, — кажа Людміла, — адказная, патрабуе шмат душэўных сіл, але шчаслівыя вочы здаровых пацыентаў і іх шчырыя падзякі кампенсуюць усе цяжкасці.
Стараннасць і адказнасць Л. Гайлеўскай заўважыла адміністрацыя ўстановы аховы здароўя, і тры гады таму назад ёй даверылі ўвесь сярэдні і малодшы персанал, прызначыўшы старшай медсястрой Відзаўскай участковай бальніцы.
— У першую чаргу ў мае абавязкі ўваходзіць арганізацыя работы малодшага персанала і медсясцёр, — расказвае Людміла, — але кантраляваць іх дзейнасць нескладана, бо ў нас працуе згуртаваны калектыў і кожны адказна ставіцца да выканання сваіх абавязкаў.
Акрамя гэтага, старшая медсястра сочыць за захаваннем санітарнага супрацьэпідэмічнага рэжыму, улікам рабочага часу, запаўняе заяўкі на лекавыя прэпараты, кантралюе і прымае непасрэдны ўдзел у лячэнні пацыентаў. І са сваёй работай Л. Гайлеўская спраўляецца на выдатна.
Прыветлівая, добразычлівая, яна карыстаецца заслужанай павагай кіраўніцтва бальніцы і калег, а таксама мясцовых жыхароў. ■
Алена ПЯТУШКА.
Фота аўтара.