З мэтай стварэння найбольш спрыяльных умоў для веснавога нерасту рыбы ў Віцебскай вобласці з 10 красавіка па 8 чэрвеня ўключна ўводзіцца забарона на лоўлю рыбы. Ва ўказаны перыяд забараняецца прамысловая лоўля на ўсіх вадаёмах, за выключэннем лоўлі мігрыруючага вугра ў месцах, вызначаных Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Аматарская лоўля дазволена ў светлы час сутак з берага ці штучных збудаванняў, акрамя чыгуначных і іншых мастоў, плацін, ля шлюзаў, помпавых станцый, іншых гідратэхнічных аб’ектаў, у адносінах да якіх устаноўлены абмежаванні і забароны на гаспадарчую дзейнасць на адлегласці бліжэй за 50 м па абодва бакі ад межаў тэхнічных збудаванняў. Для лоўлі можна выкарыстоўваць вудачку з адным кручком або спінінг са штучнай прыманкай, аснашчанай адзінарным, двайным ці трайным кручком.
Памятайце, што дзеючымі правіламі паняцце «бераг» вызначана як частка сушы, якая непасрэдна прылягае да ўрэзу вады. А яшчэ ў новых правілах да 10 красавіка не забараняецца лоўля рыбы з плаўсродкаў.
Пры лоўлі абавязкова захоўвайце ўстаноўленыя прамысловыя памеры кожнага з віду рыб. У выпадку, калі колькасць вылаўленай рыбы, якая не дасягнула прамысловых памераў (так званы прылоў), складзе больш за 20 % ад агульнай колькасці дадзенага віду, вінаватыя прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці.
Кожнаму рыбалову дазваляецца злавіць не больш за 5 кг рыбы ў суткі і адной рыбіны, калі агульная вага з яе ўлікам перавысіць 5 кг. Гэтая норма ў час забароны распаўсюджваецца на ўсе вадаёмы.
Нагадваю, што, згодна з устаноўленым рэжымам НП «Браслаўскія азёры», аматарская лоўля ва ўказаны перыяд забаронена на штучных нерасцілішчах воз. Дрывяты.
Аматарская лоўля таксама забараняецца бліжэй за 50 м ад абазначаных прамысловых прылад, якія выкарыстоўваюцца для лоўлі вугра.
■ Віталь БУДА,
начальнік міжраённай інспекцыі АЖіРС.