У кожнага ёсць свае перавагі адносна баўлення вольнага часу. Аднак бадай самым папулярным заняткам з’яўляецца рукадзелле. Адны любяць вязаць, другія — вышываць, трэція — шыць. Ёсць і тыя, што захапляюцца бісерапляценнем. Яны лічаць гэты занятак не проста адпачынкам для душы, а сваёй любімай справай. З іх ліку і жыхарка агр. Пагошча Надзея Пяткун, якая захапляецца стварэннем прыгожых букетаў з бісеру.
Бісерапляценне — карпатлівая праца. На стварэнне адной работы трэба аддаць шмат сродкаў, часу, сіл і цярпення. Надзея ж прызнаецца, што гэта толькі збоку так падаецца. На самай справе, калі гэта твой любімы занятак, у які ўкладваеш душу, то атрымліваеш толькі задавальненне.
Таму, як толькі ў жанчыны з’яўляюцца вольныя хвілінкі, а іх не так шмат, бо працуе Надзея начальнікам аддзялення паштовай сувязі ў агр. Пагошча, яна бярэцца за любімую справу. Звычайна гэта выхадныя дні ці вячэрні час, калі можна ўключыць музыку і ў спакойнай абстаноўцы заняцца бісерапляценнем. Дарэчы, для свайго хобі майстрыха абсталявала спецыяльнае месца. Акуратна па паліцах тут раскладзены неабходныя рэчы, бісер і напрацоўкі для наступных работ.
Калі глядзіш на створаныя Надзеяй букеты, на некаторы час можа падацца, што яны жывыя, — настолькі ўмела зробленыя. Жанчына прызнаецца, што гэта цяпер кветкі так выглядаюць, а вось свае першыя работы без усмешкі не можа ўспомніць.
Займацца бісерапляценнем яна пачала тры гады таму назад. Так атрымалася, што Надзея доўгі час хварэла, да таго ж гэта была зіма, а рукі хацелася заняць чым-небудзь карысным. Выпадкова знайшла некалькі пакетаў з бісерам. Яны засталіся ад дачкі, якая ў школьныя часы наведвала адпаведны гурток. Пацерка за пацеркай — і хутка з’явілася першая кветка. Спачатку Надзея рабіла маленькія работы, потым, калі сур’ёзна захапілася справай, сталі з’яўляцца буйныя. Раней захаплялася вышываннем, спрабавала рабіць букеты з паперы, аднак кветкі з бісеру больш любыя яе сэрцу.
Цяпер майстрыха выдатна валодае рознымі тэхнікамі пляцення, якія яна асвоіла з дапамогай інтэрнэту, таму любіць сама эксперыментаваць. У яе калекцыі работ можна ўбачыць як звыклыя ружы, валошкі, фіялкі, так і кветкі, якія Надзея прыдумала. Сама жанчына прызнаецца, што больш за ўсё любіць ствараць кампазіцыі з архідэй і руж. Але самая любімая яе работа — букет з кветак, якія ўзніклі дзякуючы фантазіі.
Часу букеты патрабуюць рознага. Калі гэта простая і невялікая архідэя — спатрэбіцца каля 2 дзён, а вось буйныя ружы даводзіцца рабіць каля тыдня.
Надзея прызнаеца, што бісерапляценне дорыць ёй шмат станоўчых эмоцый, магчымасць адпачыць, увасабляць свае фантазіі, а таму ніколі не перастане падабацца.
Надзея стварыла ўжо больш за 200 розных букетаў. Персанальная выстаўка работ жанчыны прайшла напярэдадні 8 Сакавіка ў мясцовай бібліятэцы, не раз выстаўляла яна свае шэдэўры і ў вясковым Доме культуры.
■ Таццяна ПЯТУШКА. Фота аўтара.