Абласное свята гумару «Смяяцца не грэх» прайшло ў Шуміліне 1 красавіка. Удзел у ім бралі і браслаўчане — аўтаклуб і тэатр мініяцюр «Покер».
Свята, якое адбываецца раз у два гады, прываблівае ўдзельнікаў з усёй вобласці. Сёлета яго тэмай быў здаровы лад жыцця. Трэба адзначыць, што браслаўскія калектывы не навічкі на гэтым мерапрыемстве і кожны раз вяртаюцца з узнагародамі, што сведчыць пра высокі ўзровень іх майстэрства.
Пакарылася свята браслаўчанам і сёлета. Так, аўтаклуб Цэнтралізаванай клубнай сістэмы заняў першае месца сярод 16 канкурсантаў. Журы была паказана праграма «Аўтаклуб дарогай здароўя» аўтарскай рас-рацоўкі з улікам тэматыкі мерапрыемства, а таксама традыцый Браслаўшчыны. — Мы грунтоўна рыхтаваліся да свайго выступлення і былі настроены толькі на перамогу, — падзялілася ўражаннямі загадчыца аўтаклуба Рэгіна Балтруковіч.
— Сумесна з метадычным цэнтрам пісалі сцэнарый, у музычным афармленні дапамогу аказала кіраўнік хору ветэранаў Наталля Няміра. Акрамя гэтага, падрыхтавалі выстаўку вырабаў удзельніцы аўтаклуба Тэрэзы Шакель. У сваім выступленні, якое павінна было быць не больш за 3 хвіліны, мы паспелі пазнаёміць шумілінцаў з браслаўскім Азернікам, нашым раёнам і ў жартаўлівай форме сагітавалі іх весці здаровы лад жыцця.
Падчас свята была праведзена таксама конкурсная праграма сярод тэатральных калектываў і індывідуальных выканаўцаў. Прыняць удзел у гала-канцэрце канкурсантаў быў запрошаны і народны тэатр мініяцюр «Покер» — як пастаянны ўдзельнік свята і неаднаразовы яго прызёр. Браслаўскія мімы прэзентавалі гледачам сваю новую пастаноўку і былі ўзнагароджаны дыпломам свята ў сувязі з 10-годдзем калектыву.
■ Аліна БРАС.
Фота аўтара.