
Гэтай вясной першымі ў раёне на палеткі з сеялкамі выправіліся хлебаробы ААТ «Агравідзы». «Засеўкі» адбыліся 4 красавіка. Захапіўшы з першых дзён лідарства, гаспадарка ўпэўнена яго ўтрымлівае. Вось і ў чацвер ля вёскі Казяны, дзе дырэктар акцыянернага таварыства Уладзімір Залатуха прызначыў сустрэчу карэспандэнту «Браслаўскай звязды», з аднаго боку дарогі механізатары рыхтавалі глебу, з другога — сеялі, уносілі мінеральныя ўгнаенні, а непадалёк «Раса» падкормлівала азімыя. Там і адбылася размова.
— Уладзімір Антонавіч, дзе ў першыя красавіцкія дні здолелі адшукаць участкі глебы, прыгоднай да сяўбы?
— Ёсць у нас на тэрыторыі былога саўгаса «Камуніст» пясчаныя палеткі. Дык у гады, калі на іх размяшчаем яравыя збожжавыя, заўсёды сяўба пачынаецца раней. Ды і структура пасяўных плошчаў прымушае нас прыспешваць. Як-ніяк, а наш яравы клін самы вялікі ў раёне — амаль 2 000 гектараў. Таму і спяшаемся. Закончыліся сухія плошчы, дзе пачыналі работу, — пераехалі сюды, на былыя землі «Новай Гвардыі».
— Гляджу, ужо апрацоўваеце глебу бадай ці не пад самымі вокнамі адміністрацыйнага будынка суседа…
— Зямлю я самавольна не захопліваю. Але ж было б не па-гаспадарску пакінуць такія абшары незасеянымі. Тут ёсць дзе разагнацца, сканцэнтраваць максімум тэхнікі і дабівацца самых высокіх дзённых выпрацовак. Пакуль спраўна працуе тэхніка, хапае насеннага матэрыялу, сышоў снег, трэба не ўпусціць спрыяльныя дні.
— А велікодны снегапад надоўга прытармазіў пасяўныя работы?
— Прызнацца, спачатку не думаў, што гэтая анамальная з’ява прыпыніць сяўбу. У суботу па «першым сняжку» выехалі на палеткі. Аднак хутка пераканаліся, што толку не будзе, і работы спынілі. А затым яшчэ тры дні стаялі. Бо, калі ў Браславе ўжо ў панядзелак снегу не было, нашы палі былі белыя. А не прастаялі б, упэўнены, на сённяшні дзень трэць плошчаў паспелі б засеяць. Пакуль жа зерне ў глебу паклалі на чвэрць.
— У вас і так тэмпы неблагія. Тэхнікі на палях шмат?
— Кожны дзень выпраўляем 4 трактары на ворыва, па столькі ж працуе з дыскатарамі і культыватарамі. Сеем трыма пасяўнымі агрэгатамі, перад якімі 2 трактары ўносяць угнаенні. Пры такім раскладзе за светлавы дзень можам засеяць па 80–90 гектараў. І да гэтай лічбы ўжо наблізіліся. Заўтра рабочы дзень будзе пачынацца на гадзіну раней. Заканчваем жа пры святле фар.
— Глебу маеце чым запраўляць?
— Пакуль яшчэ мінеральныя тукі не закончыліся, уносілі пад ячмень крыху менш за норму. А вось пад пшаніцу азот, калій і фосфар уносім па норме. У дадатак падкармілі азотам усе пасевы азімых збожжавых і рапсу — 2 320 гектараў. Цяпер сілкуем гэтыя культуры на палях «Новай Гвардыі».
— У структуры вашага збожжавага кліна ячмень, пшаніца і авёс. Насенне добрае?
— Перад пачаткам пасяўной купілі 15 тон эліты ячменю і 5 аўса. Усё астатняе ўласнае. І толькі першай рэпрадукцыі. За гэтым агранамічная служба сочыць уважліва. Пры дэфіцыце мінеральных угнаенняў няма сэнсу класці ў глебу насенне нізкіх рэпрадукцый, бо можна не намалаціць і таго, што пасеяў.
— Дзякуй за змястоўную размову.
■ Гутарыў Аляксандр АЗЕВІЧ.
Фота аўтара.