Надзея Бекіш. За паўкроку ад п’едэстала

Деньги Калейдоскоп Люди

1Штогод у рэспубліцы для працаўнікоў сельскагаспадарчай вытворчасці ладзяцца конкурсы «Беларускі майстар», у якіх вызначаюцца лепшыя па прафесіі ў розных галінах дзейнасці. Нядаўна на базе Горацкай сельгасакадэміі вызначалі майстроў сярод аператараў машыннага даення. Паспрачацца за званне лепшага былі запрошаны па чатыры аператары ад кожнай вобласці. Пры гэтым па два чалавекі выступалі ў намінацыі «Моладзь да 31 года». Менавіта ў гэты разрад прадстаўнікоў Віцебскай вобласці трапіла аператар даільнай залы МТК «Відзы-Лаўчынскія» Надзея Бекіш.

Працоўны стаж у Надзеі пакуль небагаты. Усяго чатыры гады таму назад уладкавалася яна на комплекс ААТ «Агравідзы» аператарам даільнай залы. Усе сакрэты майстэрства імкнулася спасцігаць самастойна. Але побач заўсёды быў чулы і ўважлівы дарадчык — яе маці, якая доўгі час працавала аператарам машыннага даення на ферме «Новая вёска», а пасля адкрыцця новай «фабрыкі малака» перайшла туды.

Хаця пасля конкурсу мінула ўжо больш за 2 тыдні, Надзея Бекіш усё яшчэ перажывае за сваё выступленне. Па веданні тэорыі яна набрала вышэйшы бал — 10. Не было ёй роўных і ў практычным заданні па машынным даенні кароў. У гэтай частцы конкурсу яна набрала 75,5 бала — самая высокая адзнака сярод 12 маладых удзельніц.

— Зрэзалася я на разборцы і зборцы даільнага вядра, — расказвала Надзея. — Ведаю, што гэта такое, і як ім карыстацца, ведаю. Але ж працаваць з ім ніколі не даводзілася, таму і не ўнікла ва ўсе тонкасці справы. Да таго ж гэтая аперацыя ацэньваецца па затрачаным на зборку і разборку часе. У мяне ж такога спрыту няма, як у тых, хто кожны дзень працуе з гэтым апаратам.

У выніку Н. Бекіш набрала ў суме 95,5 бала, што ўсяго на 0,3 менш, чым канкурсантка, якая заняла трэцяе месца. Цяпер Надзея разлічвае яшчэ раз трапіць на такое мерапрыемства і ўпэўнена, што стане лепшай. Яна ўжо нават на другое месца не згодна. Яе мэта — заваяваць званне «Беларускі майстар».

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.