Пра што пісала «Браслаўская звязда» 30 гадоў таму назад (чэрвень 1987-га)

Калейдоскоп

logotipУ ПРЭЗІДЫУМЕ ВЯРХОЎНАГА САВЕТА СССР

У сувязі з неабходнасцю далейшага павышэння эфектыўнасці барацьбы з п’янствам і алкагалізмам Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР выдаў Указ «Аб адказнасці за самагонаварэнне», згодна з якім выраб або захоўванне без мэты збыту самагону ці іншых моцных спіртных напіткаў дамашняга вырабу вядзе да штрафу ў памеры ад 100 да 300 рублёў.

КМК: ШТО ЗА НАЗВАЙ?

Нядаўна ў раён прыйшла радасная вестка: камсамольска-маладзёжнаму калектыву цэха па пашыве лёгкіх жаночых сукенак Браслаўскага РКБА прысвоена ганаровае званне «Камсамольска-маладзёжны калектыў — калектыў камуністычнай працы».

ПАКУЛЬ «НЕСУНАМ» ПРЫВОЛЬНА

Вельмі яшчэ жывучыя такія агідныя праяўленні, як прагнасць, сквапнасць, жаданне пажывіцца за чужы кошт, а таму распаўсюджаным відам непрацоўных даходаў з’яўляецца дробны крадзеж. У нашым раёне хціўцы «цягнуць» практычна ўсё. Асабліва ласыя яны на мяса-малочныя і хлебаулачныя вырабы, насенне, кармы і ўгнаенні, будаўнічыя матэрыялы. За пяць месяцаў гэтага года затрыманы з крадзенымі каштоўнасцямі 50 чалавек.

ПАРУШАЛЬНІКІ ПРЫЦЯГНУТЫ ДА АДКАЗНАСЦІ

Адміністратыўная камісія райвыканкама і камісія садзейнічання выканкаму райсавета народных дэпутатаў за неаднаразовыя парушэнні веруючымі заканадаўства аб культах, якія выражаліся ў арганізацыі рэлігійных шэсцяў з песнапеннямі па вёсках Ахрэмаўцы і Азяраўцы, прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці чатырох жыхароў гэтых населеных пунктаў.

ДЛЯ ЗРУЧНАСЦІ ТУРЫСТАЎ

Вялікай папулярнасцю ў турыстаў і адпачываючых карыстаецца стаянка ў маляўнічым урочышчы «Окменіца». Сёлета тут адкрыецца пункт пракату, дзе можна будзе ўзяць у часовае карыстанне лодку, рыбалоўныя прылады, палатку, паходны посуд. На тэрыторыі стаянкі ўзводзяцца летнія домікі, абсталёўваюцца пляж, спартыўная і дзіцячая пляцоўкі, крынічка гаючай вады.

ПАРТЫЗАНСКІМІ СЦЯЖЫНКАМІ

Навучэнцы Друйскага СПТВ-172 пабывалі ў паходах па месцах баявой славы. Сярод іх — браслаўскія і расонскія хлопцы, таму ім цікава было пазнаёміцца з партызанскай гісторыяй Браслаўшчыны і Расоншчыны. Будучыя воіны прайшлі партызанскімі сцежкамі замошскіх лясоў, усклалі кветкі да помніка юнай гераіні Олі Максімовіч, схілілі галовы перад мемарыялам у Браславе. Потым краязнаўцы наведалі Расонскі музей баявой славы, школу імя П. М. Машэрава.

УВАГА — ВОПЫТ!

Намнога хутчэй растуць племянныя цялушкі на пашы ў Шаўлянах, чым маладняк, які ўтрымліваецца на іншых фермах. Тут яны круглыя суткі на пашы — у простай і зручнай перасовачнай клетцы-загоне з жалезных прутоў, што па заказе калгасных спецыялістаў змайстравалі ў райаграпрамтэхніцы. Трактарам яе перамяшчаюць па полі. Не трэба ні траву касіць, ні вазіць корм, ні нават пасвіць жывёлу — выдатная знаходка.

АМАТАРЫ ПЕСНІ

Змешаная вакальная група педага- гічнага калектыву Відзаўскага СПТВ-169 прыняла сёлета актыўны ўдзел ва Усесаюзным фестывалі самадзейнай народнай творчасці. Аматары песні паспяхова выступілі на занальным і заключным аглядах раённай самадзейнасці, атрымалі права ўдзельнічаць у раённым фестывалі «Браслаўскія зарніцы».

СА ШКОЛЫ — НА ФЕРМУ

Працаўнікі фермы «Гушчына» задаволены, што сёлета старшакласніцы — дзеці калгаснікаў, спецыялістаў — пайшлі на такі дастойны ўчынак: летнія канікулы прысвяцілі ферме. Дарослыя спадзяюцца, што вучні палюбяць гэтую справу і пасля заканчэння школы не развітаюцца з родным калгасам.

ЗАНЯТКІ ІНДЫВІДУАЛЬНАЙ ПРАЦОЎНАЙ ДЗЕЙНАСЦЮ

З 1 мая гэтага года дзейнічае Закон «Аб індывідуальнай працоўнай дзейнасці». У фінансавы аддзел райвыканкама ўжо звярнуліся 15 браслаўчан, якія выбралі адпаведныя пасведчанні. Два чалавекі аформілі патэнт на музычнае абслугоўванне вяселляў. Папулярныя ў браслаўчан такія віды дзейнасці, як вязанне шапак, шкарпэтак, рукавіц з трусінага пуху і з сінтэтычных нітак, бляшаны промысел, пляценне кошыкаў, выраб штучных кветак і вянкоў, кравецкія паслугі.

ЯК НА БЯЗЛЮДНЫМ ВОСТРАВЕ

Менавіта так адчуваюць сябе сёння жыхары вёскі Плюсы і навакольных хутароў. Яны не ведаюць, што робіцца ў свеце, не чуюць пазыўных Масквы і Мінска: хутка месяц, як замаўчалі радыёкропкі. Ды і тэлефонная сувязь паводзіць сябе не лепш. Звярталіся ў бюро рамонту раённага вузла сувязі, але там, відаць, яшчэ не разумеюць, што настаў час скіроўвацца ў магутнае рэчышча сапраўднай перабудовы і працаваць па-новаму.

АБ’ЯВА

Раённая нарыхтоўчая кантора купляе ў насельніцтва ў неабмежаванай колькасці лекавыя травы: корань аіра, грыб чагу, кветкі бессмяротніка, зверабой, ліст крапівы, маці-і-мачыху, кветкі піжмы, падарожнік, тысячаліснік, чараду, багульнік, кару дуба, крушыны, івы, якія будуць атаварвацца закатачнымі крышкамі.

■ Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.