У савецкія часы папулярным кінагероем быў Аніскін — участковы, які выдатна выконваў абавязкі і ведаў на сваім участку ўсіх і кожнага. Мясцовыя жыхары ў сваю чаргу слухаліся і паважалі яго. Думала, што цяпер ужо не знайсці такіх міліцыянераў, пакуль не пазнаёмілася з участковым інспектарам Опсаўскага сельсавета Валерыем Шлабовічам, чалавекам адказным і старанным.
Вось ужо амаль 10 гадоў ён кожны дзень садзіцца ў свой аўтамабіль і адпраўляецца па населеных пунктах сельсавета. А той, дарэчы, не самы маленькі — больш за 60 вёсак і 2 700 жыхароў. Працоўны дзень Валерыя Шлабовіча не абмяжоўваецца часам. Ён і вечарам, і ў выхадны не палянуецца праехаць па вуліцах вёсак і прасачыць, ці ўсё ў парадку на яго ўчастку. Часты госць В. Шлабовіч у дамах сталых людзей, скандалістаў, аматараў выпіць, нядобранадзейных сем’яў. Менавіта гэтыя катэгорыі асоб пад асаблівым кантролем участковага. І такая работа прыносіць свой плён. У крымінальным плане Опсаўскі сельсавет — адзін з самых спакойных. За мінулы год на яго тэрыторыі адбылося толькі 4 злачынствы.
Не толькі карпатлівая праца прыносіць такі станоўчы вынік, але і адносіны чалавека да сваёй прафесіі. А яе Валерый Багаслававіч выбіраў свядома. Перад вачамі шмат гадоў быў прыклад бацькі, які працаваў у міліцыі, яго калег-праваахоўнікаў. Таму і сам хлопец пасля арміі падаўся ў органы. Пачынаў у ДАІ, потым на розных пасадах працаваў у пазаведамаснай ахове, а калі скончыў акадэмію МУС, прапанавалі працаваць участковым. Пэўны час адказваў за правапарадак на тэрыторыі Слабодкаўскага сельсавета, а пазней перайшоў у Опсаўскі. Менавіта на гэтай пасадзе ён і знайшоў сябе. Ёсць у біяграфіі Валерыя Шлабовіча цікавы факт: пасля некалькіх гадоў працы ўчастковым ён перайшоў на пасаду старшага інспектара прафілактыкі, аднак зразумеў, што праца з дакументамі яму надакучвае, і ўжо праз некалькі гадоў вярнуўся да сваіх папярэдніх абавязкаў. — Мне заўсёды падабалася працаваць з людзьмі, дапамагаць ім. Кожны дзень я вызначаю для сябе, што буду рабіць, куды паеду. Смела магу сказаць, што быць участковым — маё прызванне. Прыемна бачыць, калі зніжаецца ўзровень злачыннасці на тваім участку, але ж хочацца зрабіць так, каб выкараніць яе зусім. І ў гэтым памкненні я не адзін.
Мне дапамагаюць старшыні сельсавета Ала Даніліна і СВК «Маяк Браслаўскі» Рамуальд Шукель, а таксама старэйшыны і дабравольныя дружыннікі. З такой падтрымкай працаваць нескладана, — падкрэслівае Валерый Шлабовіч.
У асноўным ён працуе на папярэджанне злачынстваў, асабліва крадзяжоў. І лічыць, што галоўнае для ўчастковага — аператыўнае рэагаванне. На тэрыторыі сельсавета шмат невялікіх вёсак, дзе жывуць пераважна сталыя людзі. І вось для іх Валерый Багаслававіч не толькі вартавы парадку, але і першы, хто прыйдзе на дапамогу. Тое ж кажуць пра яго і калегі. Не адзін малады міліцыянер можа падзякаваць Валерыю Шлабовічу за тую дапамогу, якую ён аказвае на пачатку іх прафесійнага шляху. Невыпадкова, што за сваю добрасумленную працу ўчастковы адзначаны двума медалямі «За бездакорную службу» і шматлікімі граматамі.
Як адзначыў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Аляксандр Смірноў, Валерый Шлабовіч — адзін з тых, каму не трэба нагадваць, хто не пытаецца навошта і чаму, а адразу выконвае пастаўленую задачу і робіць гэта на выдатна.
■ Таццяна ПЯТУШКА.
Фота аўтара.