Абласны камітэт прафсаюза работнікаў АПК падвёў вынікі спаборніцтва за дасягненне найвышэйшых паказчыкаў па вытворчасці малака сярод малочнатаварных ферм, даільных залаў і аператараў машыннага даення за май.
Плённа папрацавалі ў апошні месяц вясны вытворцы малака СВК «Маяк Браслаўскі», якія заваявалі адразу два прызавыя месцы.
Калектыў даільнай залы МТФ «Ёдлавічы» ў складзе Жанны Грышчанка, Святланы Бесякірскай і Ірыны Цыўнель стаў другім. За месяц ад кожнай каровы жанчыны надаілі па 707 кілаграмаў малака. Усё яно прададзена гатункам экстра пры таварнасці 92,2 %.
Аператар машыннага даення малочнатаварнай фермы «Якавічы» Яніна Астроўская ў абласным спаборніцтве заняла трэцяе месца. Трэба адзначыць, што якавіцкі калектыў на працягу апошніх гадоў з’яўляецца бясспрэчным лідарам гаспадаркі па надоях малака.
За мінулы год, напрыклад, пры сярэднім надоі па сельгаскааператыве 7 255 кг на ферме «Якавічы» ад кожнай каровы выдалі на гара па 8 664 кілаграмы. І ў калектыву ёсць рэзервы росту для таго, каб сёлета пераадолець дзевяцітысячны рубеж. Калі ў гэтыя дні ў сярэднім па гаспадарцы ад кожнай каровы надойваюць па 21,6 – 22,0 кілаграмы малака, то якавіцкія аператары дояць па 26 і больш. Тут трэба аддаць адпаведнае і агранамічнай службе, якая адводзіць пад выпас пашу з выдатным шматкампанентным травастоем, у якім перабольшвае белая канюшына.
У аўторак пераможцаў абласнога спаборніцтва павіншаваў старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Вялічка і ўручыў ім дыпломы і грашовыя прэміі. Да віншаванняў далучыўся і галоўны заатэхнік гаспадаркі Леанід Барткевіч, які пажадаў лідарам далейшых працоўных поспехаў, а ў гэтым месяцы — заняць у спаборніцтве вышэйшыя ступені.
■ Аляксандр АЗЕВІЧ. Фота аўтара.