Сёмы раз і другі на Браслаўшчыне Беларуская федэрацыя падводнага спорту сумесна з клубам падводнікаў «Капітан Морган» правялі свой традыцыйны злёт. У мінулыя выхадныя на Панцялееўскім рагу вырас як вокам кінуць палатачны гарадок. Ды яно і не дзіўна, бо сюды прыехалі прыблізна 120 спартсменаў і каля 250 членаў іх сямей.
Трэба сказаць, што аматары падводнага палявання на свае злёты збіраюцца не столькі для здабычы трафейнай рыбы, колькі дзеля жывых зносін і адпачынку на прыродзе. Варта адзначыць, што сярод гэтых захопленых падводным светам людзей шмат тых, хто бярэ з сабой пад ваду не ружжо, а фотаці кінакамеру. А для гэтага занятку возера Струста са сваёй чыстай вадой падыходзіць лепш за ўсё.
Зразумела, не абышоўся злёт і без спаборніцтваў па падводным паляванні. Адзначу яшчэ і адметнасць арганізаваных спартсменаў: яны ныраюць пад ваду не дзеля нажывы, не страляюць усё, што бачаць, а палююць менавіта за трафейнымі экзэмплярамі. І такія ў Струсце водзяцца. Многія пасля заплыву выходзілі на бераг з рыбінамі ўнушальных памераў, аднак самым удачлівым стаў Андрэй Дзямідаў са Слуцка. Здабыты ім сазан быў амаль у рост з рыбаловам і заважыў 17,8 кг.
Два дні на беразе Струста гучалі музыка і песні, чуўся вясёлы смех. Пакідаючы наш азёрны край, госці выказвалі жаданне вярнуцца сюды яшчэ раз.
■ Аляксандр АЗЕВІЧ.