Лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня выбіралі на заключным этапе рэспубліканскага конкурсу, які праходзіў на базе Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Яго мэта — выявіць і ўкараніць у практыку найбольш цікавыя ідэі ў арганізацыі выхавання вучняў.

На гэтым мерапрыемстве браслаўская гімназія прадставіла праект «Натхненне», у рамках якога настаўнікі і навучэнцы ўстановы адукацыі некалькі гадоў вырошчваюць расаду і рэалізуюць яе арганізацыям раёна.
У сталіцы свой вопыт у бізнес-кампаніі прадстаўлялі педагогі Іна Шавец і Людміла Патапенка, а таксама навучэнцы Ганна Бялусь, Віктар Жораў, Вячаслаў Ананіч, Таццяна Урбановіч, Ангеліна Максімовіч, Глеб Скур’ят і Дар’я Блізняцова.
Інавацыйная ідэя браслаўскай каманды і яе неардынарная абарона былі высока адзначаны журы. І ў сваёй намінацыі гімназісты атрымалі дыплом ІІ ступені. Таму дадому яны вярнуліся задаволеныя і з багажом цікавых інавацыйных ідэй.
■ Алена ПЯТУШКА.