У ахоўных зонах ЛЭП рыбачыць нельга

Безопасность

Калі рыбаловы-аматары выбіраюць месца для рыбнай лоўлі паблізу дзеючых паветраных ліній электраперадачы, яны наўрад ці задумваюцца, што гэта можа рэальна пагражаць іх жыццю і здароўю.

Так, нядаўна няшчасны выпадак здарыўся з жыхаром н. п. Рудня-Марымонава Гомельскага раёна. Рыбалоў-аматар, знаходзячыся на беразе меліярацыйнага канала, датыкнуўся вудай да провада праходзячай над вадаёмам ПЛ-110 кВ, у выніку чаго атрымаў смяротны ўдар электрычным токам.

Трэба ведаць, што большасць сучасных вудаў выраблена з токаправодзячых матэрыялаў. Іх даўжыня перавышае і 10 м, а мінімальная адлегласць ад правадоў ПЛ да паверхні вадаёма складае 7 м. Падчас закідвання такой вуды можна трапіць пад смяротна небяспечнае напружанне не толькі пры выпадковым датыканні вудзільнам ці лёскай да правадоў ПЛ, але нават пры набліжэнні да іх на недапушчальна блізкую адлегласць. У залежнасці ад напружання лініі яна складае ад 0,6 да 1 метра.

Не трэба ігнараваць патрабаванні плакатаў забароны, устаноўленых у месцах пераходу ПЛ праз вадаёмы. Правіламі аховы электрычных сетак рыбалоўства ў ахоўных зонах ліній электраперадачы забаронена. Нагадаем, што ахоўная зона ліній пры перасячэнні імі розных вадаёмаў уяўляе паветраную прастору над воднай паверхняй, абмежаваную вертыкальнымі плоскасцямі па абодва бакі ліній ад крайніх правадоў і складае для ПЛ напружаннем да 1 кВ — 2 м, 6-10 кВ — 10 м, 110 кВ — 20 м.

Будзьце ўважлівымі і падчас праходжання з вудамі пад правадамі ЛЭП. У такім разе іх трэба складваць. Абавязкова нагадвайце пра меры бяспекі пры знаходжанні з вудамі паблізу ПЛ дзецям.

■ Віктар ЦІКНЮС, інспектар РЭІ.

Сяргей РУТКОЎСКІ, інжынер РЭС.