Напэўна, не памылюся, калі скажу, што кожнаму чалавеку падабаецца жыць у прыгожым горадзе, гуляць па зялёных квітнеючых вуліцах, бачыць праз акно ўтульны двор. Тым часам зрабіць наваколле лепшым нескладана — трэба проста пачаць з сябе.
Кожны дзень, ідучы на работу, каля дома № 65, што па вуліцы Садовай, любуюся прыгожымі рознакаляровымі кветкамі, чыстымі дарожкамі ды квітнеючымі пладовымі дрэвамі. Жыхары гэтага дома не чакаюць, пакуль хтосьці навядзе парадак у іх двары. Па традыцыі ранняй вясной суседзі збіраюцца разам, падбіраюць смецце, беляць дрэўцы, фарбуюць лаўкі. Вось і нядаўна ўбачыла, як яны дружна завіхаюцца на клумбах. Хто садзіў, хто паліваў, хто дапамагаў парадай — справа ішла шпарка і весела. Я ўслых адзначыла, што заўсёды прыемна прагуляцца ля гэтага дома, а яго жыхары ў сваю чаргу расказалі, што, перш за ўсё, робяць двор утульным для сябе, сваіх дзяцей і ўнукаў, але заўсёды рады, калі прахожыя спыняюцца палюбавацца на кветкі або сфатаграфавацца на іх фоне.
А на самай справе наш горад не такі вялікі. Складаецца ён з двароў і дворыкаў, прысядзібных участкаў, і трэба ўсяго толькі зрабіць прыгожым і акуратным тое месца, дзе жывеш, чым незаўважна для сябе ўнясеш свой маленькі ўклад у вялікую справу.
■ Вольга ПАТАПОВІЧ.
Фота аўтара