Навіны з Відзаўскага каледжа

Новости

У Відзаўскі каледж заўсёды заходжу з цікавасцю і задавальненнем, бо кожны раз яго педагагічны калектыў і навучэнцы здзіўляюць сваімі крэатыўнымі ідэямі, творчымі задумамі і значнымі перамогамі.

Не стаў выключэннем і гэты навучальны год. З добрымі вынікамі вярнуліся навучэнцы каледжа з абласнога этапа чэмпіяната па прафесійным майстэрстве WorldSkills і другога конкурса сярод устаноў ССН, які прайшоў на базе БДАТУ.

Пальму першынства заваявала каманда каледжа ў КВЗ у Полацку.

Але ж найперш значную ўвагу ва ўстанове ўдзяляюць удасканаленню прафесійных навыкаў навучэнцаў. Бясспрэчна, лепш за ўсё гэта рабіць падчас практычных заняткаў. Таму з пачаткам пасяўных работ на нівы сельгаспрадпрыемстваў раёна выехалі і відзаўскія будучыя аграрыі. Тыя, што вывучаюць нюансы прыгатавання розных страў, праходзяць практыку на базе кафэ «Правінцыя», ГЦ «Віталіч» і рэстарана «Дрывяты» — гэта, безумоўна, станоўча паспрыяе іх далейшаму працаўладкаванню.

Вялікае значэнне адміністрацыя каледжа надае арганізацыі навучальнага працэсу і камфортнага пражывання сваіх навучэнцаў. Штогод у будынках установы праводзяцца рамонты, а часам увогуле з’яўляюцца новыя прыгожыя аб’екты. Сёлета ідзе грунтоўны рамонт інтэрната: уцеплены сцены, абноўлена мэбля ў пакоях, добраўпарадкоўваецца тэрыторыя.

Кіраўніцтва каледжа пастаянна адсочвае становішча на раённым рынку працы і ў залежнасці ад запатрабаванняў адкрывае новыя групы. Восенню, з улікам развіцця на Браслаўшчыне турызму і грамадскага харчавання, уводзіцца спецыяльнасць «кулінар мучных вырабаў».

Словам, жыццё ў каледжы цікавае, насычанае і ідзе ў нагу з імклівым часам.

■ Алена ПЯТУШКА.