Незаўважна праляцеў навучальны год. Большасць школьнікаў хутка акунуцца ў бесклапотныя летнія канікулы. А вось для выпускнікоў наступае напружаны час здачы экзаменаў.
Якія іспыты чакаюць іх сёлета, пацікавілася ў галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ірыны Мацук.
— У першую чаргу трэба адзначыць, — кажа Ірына Віктараўна, — што да ўсіх устаноў адукацыі нашага раёна даведзены нарматыўныя дакументы па арганізацыі і правядзенні ўрачыстых мерапрыемстваў і экзаменаў.
Апошні званок для школьнікаў празвініць 30 мая. А ўжо 1 чэрвеня вучні 9-х і 11-х класаў прыйдуць на свой першы экзамен. Што і ў які дзень здаваць, можна даведацца ў сваёй установе адукацыі, дзе расклад іспытаў адміністрацыя складае з улікам адзіных па рэспубліцы тэрмінаў правядзення пісьмовых выпускных экзаменаў.
Тэксты і заданні пісьмовых работ аб’явяць па тэлебачанні і радыё, але зразумела, што кожны раз гэта будуць розныя варыянты. Дзень для правядзення вусных экзаменаў школы выбіраюць самі.
Так, дзевяцікласнікам у гэтым годзе трэба здаць тры пісьмовыя іспыты: па беларускай і рускай мовах і матэматыцы.
Выпускнікоў 11-х класаў таксама чакаюць пісьмовыя экзамены па матэматыцы і мове. Толькі апошні вучні могуць здаваць па сваім жаданні па-руску ці па-беларуску. Акрамя гэтага, у іх яшчэ два абавязковыя вусныя іспыты — па замежнай мове і гісторыі Беларусі.
Выпускныя ўрачыстасці ва ўстановах адукацыі пройдуць 9 чэрвеня.
Застаецца пажадаць выпускнікам выдатна здаць экзамены і смела ступіць у дарослае жыццё.
■ Алена ПЯТУШКА