Пра што пісала «Браслаўская звязда» 40 гадоў таму назад (май 1978-га)

Отдых

СПЯВАЕ ОПСАЎСКІ НАРОДНЫ

Два з паловай гады таму назад харавому калектыву з в. Опса было прысвоена ганаровае званне народны. За гэты час самадзейныя артысты далі дзясяткі канцэртаў. Цяпер спевакі рыхтуюць да раённага фестывалю «Браслаўскія зарніцы», прысвечанага сёлета 60-годдзю БССР і Кампартыі Беларусі, дзве песні — «Камуністычны век» Тулікава і італьянскую народную «Пярсцёнак».

СПАБОРНІЧАЮЦЬ ЮНАРМЕЙЦЫ

Днямі ў Доме піянераў быў праведзены агляд юнармейскіх спецыяльнасцей. Ён паказаў, што «Зарніца» ў многіх школах стала галоўнай формай работы па ваенна-патрыятычным выхаванні. Разам з тым старшым пія- нерважатым, ваенрукам і фізрукам трэба больш актыўна знаёміць рабят з гісторыяй сваёй краіны і арміі, выхоўваць іх на слаўных баявых і працоўных традыцыях савецкага народа.

«ЁРШ» АБ’ЯЎЛЯЕ ПОШУК

Школьнікі з Друі пачалі скардзіцца, што іх кормяць няякасна прыгатаванымі, нясмачнымі абедамі. Прычына высветлена: работнікі сталовай згубілі рэцэпты прыгатавання ўключаных у меню страў разам з нормамі закладкі прадуктаў. Таму «Ёрш» вырашыў аб’явіць пошук: знайшоўшаму неабходна тэрмінова іх выслаць, а работнікі сталовай пад кантролем кіраўнікоў будуць завучваць гэтыя рэцэпты і нормы на памяць, каб пазбегнуць такога ў далейшым.

ПРАЯЎЛЯЮЦЬ ПРАЦОЎНУЮ ДОБЛЕСЦЬ

Асновай паспяховага ходу палявых работ у калгасе «Камунар» з’яўляецца разгорнутае паміж механізатарамі сацыялістычнае спаборніцтва. Вынікі працоўнага саперніцтва падводзяцца штодзённа, і пра іх агітатары неадкладна паведамляюць у механізаваныя звенні. А каля канторы калгаса развяваецца сцяг Славы ў гонар таго, хто за мінулы дзень дабіўся найлепшых паказчыкаў на падрыхтоўцы глебы ці сяўбе яравых.

ПРАБЛЕМЫ НА ГОЛЫМ МЕСЦЫ

Злыя языкі сцвярджаюць, што горы смецця і пяску майстры з прарабскага ўчастка пакінулі ля дома № 129 па вул. Савецкай як папярэджанне таму, што адрамантаваць і нават пабудаваць дом для іх — раз плюнуць, а вось вывезці смецце пасля заканчэння работ — праблема. Пра тое, што будаўнікі — майстры іх ствараць, сведчаць і пакінутыя тратуарныя пліты ды бардзюры на вул. Энгельса, якія людзі ўжо трэці тыдзень абходзяць па праезджай частцы, баючыся зламаць ногі.

НАБЫВАЮЦЬ ПРАКТЫЧНЫЯ НАВЫКІ

Сёлета ў школе-магазіне, створанай пры райспажыўсаюзе, займаліся 23 чалавекі. Закончыўшы тэарэтычны курс, навучэнцы праходзяць цяпер трохмесячную стажыроўку ва ўнівермагу і ў прадуктовых магазінах, набываючы практычныя навыкі. Пасля стажыроўкі ўсе выпускні- цы будуць працаваць малодшымі прадаўцамі.

КОЛЬКІ ЯШЧЭ ЧАКАЦЬ?

Больш за 10 гадоў жыхары в. Таўшчызна, што ў калгасе імя Мічурына, спраўна карысталіся электраэнергіяй. І раптам былі пазбаўлены гэтай магчымасці і ўжо больш за 2 месяцы сядзяць без святла. Неаднаразова звярталіся яны да калгасных электрыкаў, прыязджалі спецыялісты і з г. п. Відзы, якія паабяцалі, што святло будзе не пазней як праз 10 дзён. Даўно мінуў гэты тэрмін, а вяскоўцы ўсё так жа карыстаюцца газоўкамі і свечкамі. Колькі ж яшчэ чакаць?

ПАСЛЯ ЛЕКЦЫІ — ФІЛЬМ

З сакавіка ў школах раёна працуе кіналекторый па навуковым атэізме. Добра арганізаваны заняткі лекторыя ў Опсаўскай СШ. Першыя з іх былі прысвечаны тэме «Сучасная навука пра паходжанне жыцця і чалавека». Пасля лекцыі Р. Б. Грынкевіча рабяты паглядзелі дакументальны фільм «На мяжы жыцця». На другіх занятках вучні даведаліся пра ўкараненне ў быт новых абрадаў.

■ Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.