З газетай «Браслаўская звязда» знаёмыя не толькі дарослыя, але, як аказалася, і юныя браслаўчане. У гэтым мы ўпэўніліся, калі распыталі выхаванцаў дзіцячага сада і вучняў гімназіі.

— «Браслаўскую звязду» нам прыносіць паштальён. У ёй друкуюць розныя навіны. Газета патрэбна дарослым, бо з яе яны даведваюцца пра ўсё, што адбываецца ў нашым горадзе. А я пакуль гляджу толькі фотаздымкі. Лічу, што раённую газету трэба чытаць усім браслаўчанам.

— Мая сям’я больш за 20 гадоў чытае «Браслаўскую звязду». Я, здаецца, ужо на падсвядомым узроўні памятаю да дробязей яе знешні выгляд. З гордасцю магу сказаць, што апошнім часам газета значна змяніла свой дызайн з улікам сучасных тэндэнцый. Ахвотна цікаўлюся на яе старонках навінамі Браслаўшчыны, жыццём моладзі, знакавымі для роднага горада падзеямі. Ганаруся, калі бачу фотаздымкі сваіх родных, сяброў і знаёмых і артыкулы пра іх. Прыемна заўважыць, што газета не абыходзіць увагай і літаратурную творчасць маіх землякоў. Выданне насычана не толькі карыснай інфармацыяй, але і забаўляльнага, і гумарыстычнага характару. У Год малой радзімы хачу пажадаць «раёнцы» і ўсяму яе аўтарскаму калектыву творчага натхнення, каб праслаўляць родную Браслаўшчыну з яе ўнікальнай прыродай, самабытнымі талентамі, мудрымі і працалюбівымі людзьмі.

— Мама бярэ «Браслаўскую звязду» з паштовай скрыні і ўважліва яе чытае. Многія людзі дасылаюць у газету лісты з пытаннямі і скаргамі, а журналісты пра ўсё даведваюцца і расказваюць, каб ведалі іншыя. Тым, хто працуе ў газеце, жадаю ўсяго добрага і каб яны ніколі не хварэлі.

— У маёй сям’і вельмі любяць чытаць. Таму, колькі сябе памятаю, дома заўседы было шмат кніг, газет і часопісаў. Але пачэснае месца сярод іх заўсёды адводзілася любімай «Браслаўскай звяздзе». Гэта не толькі цікавая, але і карысная газета для ўсёй нашай вялікай сям’і. Мой тата любіць праграму ТБ і навіны пра спартыўныя дасягненні браслаўчан, мяне больш цікавіць паэтычная старонка, мама ахвотна чытае карысныя парады і рэцэпты. Дарэчы, многія прыгатаваныя па іх стравы сталі любімымі на нашым стале. ■
Алена ПЯТУШКА.
Фота аўтара.