Абрад здабычы агню і рыцарскія баі. Чытайце, як у браславе прайшоў «Меч Брачыслава»

Отдых
У рамках «Браслаўскіх зарніц» сёлета ў 11-ы раз прайшло свята сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава». І хоць тыя, хто не аднойчы бываў на ім раней, загадзя разумелі яго задумку, прыкладна ведалі праграму, але кожны наведвальнік Замкавай гары ў гэты дзень знайшоў, чаму падзівіцца.

Безумоўна, самым цікавым і відовішчным для гледачоў з’яўляецца абрад здабычы агню і рыцарскія баі. Менавіта гэтая частка мерапрыемства і сабрала найбольшую колькасць людзей. Падчас імправізаваных атак байцы звіняць кальчугамі, гучна крычаць, уздымаючы цяжкую зброю, а ад мячоў, дзід і тапароў літаральна сыплюцца іскры. Відовішча захапляе кожнага.

Сапраўднае шоў стварылі і стралкі з лука. Мастацкія ноткі ў свята ўнёс маладзёжны тэатр «Кола» з Віцебска.

Трэба адзначыць: акрамя гэтага, было на што паглядзець і нават часам падзівіцца. Асабліва прываблівалі да сябе шатры і палаткі, у якіх размяшчаліся імправізаваныя сярэдневяковыя людзі. Цікавым для дзяцей і дарослых быў іх побыт: адзенне, ежа, посуд, жыллё ўвогуле. Некаторыя з іх прапаноўвалі ўдзельнікам свята пасмакаваць самаробны квас, піва, медавуху, а таксама праснакі.

Паралельна майстры Браслаўскага музея традыцыйнай культуры прадстаўлялі на свяце свае вырабы з гліны, дрэва, каменьчыкаў, лазы, саломы і іншага матэрыялу. Прываблівалі наведвальнікаў і прапанаваныя арганізатарамі «актыўнасці»: майстаркласы па ткацтве на кроснах, гульні з ходнікам, забавы для дзяцей.

Напэўна, ніхто з прыйшоўшых у гэты дзень на Замкавую гару не застаўся расчараваным зладжаным святам. ■

Больше фотографий тут