Санітарная дружына – фарміраванне медыцынскай службы грамадзянскай абароны, якое ствараецца на прадпрыемствах і ва ўстановах. Прызначаецца яна для пошуку пацярпелых і аказання першай медыцынскай дапамогі ў ачагах масавага паражэння, удзелу ў арганізацыі вынасу і вывазу іх да месц пагрузкі на транспартныя сродкі, а таксама для працы ў іншых фарміраваннях грамадзянскай абароны.
З мэтай праверкі ўзроўню практычнай падрыхтоўкі і павышэння гатоўнасці ў г. Браславе на базе турысцка-аздараўленчага прадпрыемства «Браслаўскія азёры» прайшлі раённыя спаборніцтвы санітарных дружын і звёнаў.
Удзельнічалі ў спаборніцтвах чатыры каманды, якія прадстаўлялі найбольш буйныя прадпрыемствы раёна. У склад судзейскага органа ўвайшлі прадстаўнікі раённай бальніцы, Чырвонага Крыжа і санэпідэмстанцыі.
Першым выпрабаваннем стала праверка камплектнасці аснашчэння каманд, а таксама складанне санітарных сумак. Пазней ацэньвалася праца ў ачагах камбінаванага і хімічнага паражэння, а таксама ў кропцы інфекцыйнага захворвання. Удзельнікі спаборніцтваў аказвалі першую медыцынскую дапамогу ўмоўна пацярпелым, грузілі іх на транспарт, адбіралі пробы са знешняга асяроддзя, рыхтавалі дэзрастворы і праводзілі дэзінфекцыю.
Дзень спаборніцтваў быў насычаным. Прадстаўнікі каманд не толькі замацавалі свае веды, але і набылі бясцэнны вопыт. Пераможцам стала санітарная дружына Браслаўскага торфабрыкетнага завода. Яна цяпер будзе прадстаўляць наш раён на абласным этапе спаборніцтваў. ■