Едзем на Магілёўшчыну. Чым адметны рэгіён

Отдых
Рэспубліканскі прэс-тур для журналістаў з усёй краіны арганізавалі сумесна Міністэрства інфармацыі і Магілёўскі аблвыканкам. Яго мэта – звярнуць увагу беларусаў на Магілёўскую вобласць, як рэгіён з багатай і цікавай спадчынай, а таму – цікавы для турыстаў. Прадстаўляем вашай увазе найбольш адметныя месцы і факты.
Сталічныя амбіцыі

Шматлікія даведнікі называюць Магілёў другой сталіцай Беларусі. Справа ў тым, што гэты горад у першай палове мінулага стагоддзя сапраўды разглядаўся ў якасці запаснога цэнтра краіны, тады як Мінск знаходзіўся ў небяспечнай блізкасці ад межаў Заходняй Беларусі, дзе тады гаспадарыла Польшча. Мясцовы Дом Саветаў, узведзены ў 1930-я гг., і сёння з’яўляецца амаль поўнай копіяй мінскага Дома ўрада. Раней у Магілёве знаходзілася стаўка і рэзідэнцыя расійскага імператара Мікалая другога.

«Зорная» плошча

Унікальнае ў сваім родзе месца – Плошча зорак – з’явілася ў Магілёве ўсяго толькі 15 галоў таму назад, але ўжо паспела стаць сапраўдным упрыгажэннем горада. У яе цэнтры стаіць знакамітая скульптура астролага, тэлескоп якога служыць указальнікам для сонечнага гадзінніка. Вакол размешчаны 12 крэслаў у адпаведнасці са знакамі Задыяка. Кажуць, калі дакрануцца да пальца фігуры, сесці ў «свой» стул і загадаць жаданне, яно абавязкова збудзецца. Дарэчы, плошчу перасякае пешаходная вуліца, гуляць па якой – адно задавальненне.

Абласны драмтэатр

Некалі тут выступалі Шаляпін і Рахманінаў, а зала лічыцца адной з найлепшых у Еўропе па акустыцы. Сам будынак – 19 стагоддзя і неаднаразова мог быць зруйнаваным, аднак дзяржава змагла знайсці сродкі, каб аднавіць помнік архітэктуры. Сёння Магілёўскі драматычны тэатр не толькі паспяхова працуе, але і лічыцца найстарэйшым у Беларусі. На ўваходзе яго наведвальнікаў сустракае бронзавая «Дама з сабачкам».

Свята-Нікольскі манастыр

Комплекс уваходзіць у папярэднія спісы сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Асаблівы гонар храма – унікальны чатырохярусны іканастас, выкананы ў 17 стагоддзі тымі ж майстрамі, што працавалі над аздабленнем Смаленскага сабора Навадзевічава манастыра ў Маскве.

Плошча Славы

Гэтае месца на працягу стагоддзяў было своеасаблівай калыскай Магілёва. Сёння яно страціла сваё першапачатковае значэнне як гандлёвага і адміністрацыйнага цэнтра, аднак працягвае служыць напамінам пра ваеннае ліхалецце і баявыя подзвігі нашых продкаў. Плошча ўражвае маштабамі. Таксама з яе адкрываецца панарамны від на горад, у тым ліку Дняпроўскі мост, які «сцерагуць» львы.

Гарадская ратуша

Узведзеная ў канцы 17 стагоддзя ў гонар набыцця Магілёвам Магдэбургскага права, пабудова неаднаразова разбуралася і аднаўлялася. Краязнаўцы сцвярджаюць, што гэта адзіны ў сучаснай гісторыі Беларусі прыклад дэталёвай рэстаўрацыі адміністрацыйна-грамадскага будынка. Сёння тут размешчаны музей гісторыі Магілёва, а сама ратуша лічыцца самай высокай у Беларусі.

Зразумела, спіс можна працягваць, а інфармацыі наконт адметнасцей рэгіёна дастаткова. Тым часам усе мы ведаем, што самыя яркія ўражанні атрымліваюць тыя, хто бачыць іх на свае вочы…

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.