Адказнасць, маральная і фізічная, якую на сябе бяруць шматдзетныя мамы, не кожнаму пад сілу. Такое меркаванне выказаў на ўручэнні ўзнагарод 35 жыхаркам Віцебскай вобласці ў Дзень маці старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў.
Чатырнаццатага кастрычніка з 35 жанчын 10 атрымалі ордэны Маці, астатнія сталі ўладальніцамі абласной прэміі імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанка. Ва ўрачыстай абстаноўцы заслужаныя мамы атрымалі ўзнагароды, кветкі і дыпломы ад кіраўніцтва вобласці. «Ужо 26-ы раз у нашай рэспубліцы адзначаецца Дзень маці. Гэтае светлае свята служыць напамінам пра неацэнную ролю маці ў сям’і, у выхаванні дзяцей. Заслугоўвае шчырай павагі і любові жанчына, якая дала жыццё, атрымала мудрасць, благаславіла на добрыя справы і пачынанні. Матуліны ўрокі застаюцца галоўнымі на жыццёвым шляху, даюць любому з нас надзейны абярэг. Да гэтага дня мы прымеркавалі ўручэнне ордэнаў Маці і прэміі ў гонар нашай зямлячкі Зінаіды Тусналобавай-Марчанка. У Віцебскай вобласці за 9 месяцаў гэтага года 61 жанчына ўдастоена ордэна Маці, а абласную прэмію за ўвесь час яе існавання з 2003 года атрымалі каля 550 жанчын. Тая адказнасць, якую вы, дарагія маці, бераце на сябе, фізічная і маральная, не кожнаму пад сілу. На вас павінна раўняцца грамадства, браць з вас прыклад самаахвярнасці. Вы смелыя, адчайныя, моцныя. Вы – наш гонар», – падкрэсліў Мікалай Шарснёў.
Старшыня аблвыканкама адзначыў, што вялікую дапамогу сем’ям аказвае дзяржава. Адчувальную падтрымку атрымліваюць бацькі пры нараджэнні трох і больш дзяцей – сямейны капітал, які можна выкарыстоўваць датэрмінова. Сёлета ён быў прызначаны каля 1,2 тыс. сем’яў вобласці. Больш за 20 тысяч сем’яў атрымалі фінансавую падтрымку для падрыхтоўкі дзяцей да школы на суму Br3,4 млн.
Асаблівая ўвага ў вобласці надаецца спецыялізаванай медыцынскай дапамозе жанчынам і дзецям. У Віцебску, Оршы, Полацку, Наваполацку, Новалукомлі створаны цэнтры дружалюбнага стаўлення да падлеткаў, якія аказваюць медыцынскую, псіхалагічную і інфармацыйную дапамогу. Радзільныя дамы Віцебска, Наваполацка, Оршы функцыянуюць як перынатальныя цэнтры II і III узроўню. Штогод каля 8 тыс. жанчын знаходзяць шчасце мацярынства, у сярэднім у 100 нараджаюцца двайняты.
Кіраўнік вобласці дадаў, што вялікія і дружныя сем’і – аснова моцнай дзяржавы, а на першы план у выхаванні выходзіць асабісты прыклад маці і бацькі.
Менавіта так гадуюць дзяцей і жанчыны, што прадставілі наш рэгіён у вобласці. Браслаўчанка Ганна Фелькіна, маці пяцярых дачок, з рук старшыні аблвыканкама атрымала ордэн Маці, а Вікторыя Мяльянцава з Опсы, у сям’і якой выхоўваюцца чацвёра дзяцей, стала лаўрэатам абласной прэміі Зінаіды Тусналобавай-Марчанка. ■