Ва ўстановах адукацыі Браслаўскага раёна прайшоў месячнік ваенна-патрыятычнай работы

Год исторической памяти
Месячнік ваенна-патрыятычнай работы, галоўнай мэтай якога з’яўляецца захаванне гістарычнай памяці пра ваенныя дзеянні перыяду Вялікай Айчыннай вайны і ўвекавечанне імён ахвяр, воінаў, што змагаліся на беларускай зямлі, і загінулых за яе свабоду, прайшоў ва ўстановах адукацыі Браслаўскага раёна.

Як расказалі ў цэнтры дзяцей і моладзі, у школах адбылося больш за 70 інфармацыйных гадзін, 50 урокаў мужнасці, прайшлі навукова-даследчыя канферэнцыі навучэнцаў, паходы па месцах, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, інтэлектуальныя гульні і конкурсы, сустрэчы з ветэранамі вайны і працы, воінамі-інтэрнацыяналістамі.

Кожная ўстанова адукацыі адказна падышла да рэалізацыі мерапрыемстваў. Так, ваеннаслужачыя пагранічных застаў «Урбаны», «Плюсы», прадстаўнікі Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь наведалі Ахрэмаўскую, Слабодкаўскую, Друйскую школы і Браслаўскую гімназію. Праведзена экскурсія на пагранічны пост «Друя» для навучэнцаў мясцовай школы, а для вучняў СШ № 2 была арганізавана анлайн-сустрэча з вайскоўцамі «10 пытанняў пра армію».

У рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта «Школа Актыўнага Грамадзяніна» ў гімназіі прайшлі заняткі па тэмах «Палітыка генацыду, рабавання і насілля», «Антыфашысцкае супраціўленне на акупаваных тэрыторыях», «Падпольная барацьба» і інш. У шэрагу школ праведзены агляды строю і песні «Атыбаты – ішлі салдаты», «Мы – праўнукі Перамогі» і «Да абароны Радзімы гатовы».

Шмат увагі ва ўстановах адукацыі надалі мерапрыемствам, прысвечаным Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў: праведзены інфармацыйныя гадзіны «Беларускія воіны-інтэрнацыяналісты: гісторыя подзвігу», сустрэчы з воінамі-афганцамі «Героі жывуць побач», «Імі ганарыцца Браслаўшчына», песенна-паэтычны марафон «Афганскі вецер». А музей воінаў-інтэрнацыяналістаў сярэдняй школы № 1 імя А. М. Жданава падчас месячніка наведалі 740 навучэнцаў Браслаўскага раёна, для якіх праведзены аж 43 экскурсіі.

На працягу месяца школы раёна актыўна ўдзельнічалі ў акцыях «Клопат», «Ветэран жыве побач», «Абеліск», «Міласэрнасць». Вучні СШ № 1 імя А. М. Жданава ў ходзе правядзення акцыі «Армейская пошта» павіншавалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Кожара, а дзеці са школы № 2 прынялі ўдзел у віншавальнай інтэрнэт-акцыі «З Днём абаронцаў Айчыны».

Ваенна-спартыўныя гульні прайшлі ў Друйскай, Слабодкаўскай, Опсаўскай, Ахрэмаўскай школах і СШ № 2.

Цікавым для вучняў Опсаўскай установы адукацыі стаў чэлендж «Ад герояў былых часоў не засталося амаль імён». Матэрыялам для яго правядзення паслужылі старыя нумары раённай газеты, прысвечаныя героям Вялікай Айчыннай вайны. Навучэнцы даведаліся пра тое, як пачалася вайна на Браслаўшчыне, пра жыццё партызан і мясцовага падполля, пазнаёміліся з імёнамі герояў таго часу.

У Міжнародны дзень роднай мовы ўсе установы адукацыі раёна прынялі ўдзел у рэспубліканскай дыктоўцы, прымеркаванай да гэтай даты, арганізавалі і тэматычныя мерапрыемствы.

Акрамя пералічанага, паўсюдна праходзілі таксама выставы кніг і фатаграфій пра Вялікую Айчынную вайну, конкурсы дзіцячых малюнкаў, плакатаў, баявых лісткоў, працавалі тэматычныя фотазоны. ■

Алена НАБЕЕВА