Уборка збожжавых на Браслаўшчыне практычна завершана

Уборочная-2022
Уборка збожжавых на Браслаўшчыне практычна завершана. Пра гэта на планавай нарадзе старшыні райвыканкама Вячаслава Грышчанкі з актывам раёна расказаў начальнік райсельгасхарча Уладзімір Яраховіч.

Паводле яго слоў, культуры зерневай групы на карані засталіся толькі ў асобных гаспадарках, прычым гаворка ідзе пра плошчы ў лічаныя гектары.

Аператыўная зводка пацвярджае: зерневыя і зернебабовыя ў раёне ўбраны на 99 % плошчаў. Намалочана каля 32,5 тысячы тон пры сярэдняй ураджайнасці 24 ц/га.

На гэтым фоне надвор’е прыспешвае брацца за кукурузу, бо па начах цяпер і да замаразкаў недалёка. «Пачынаем і гэту работу. Акрамя таго, паралельна ідзе ўборка збожжа на прыватных участках і рапсу. Распачынаецца восеньская сяўба. Прагнозныя паказчыкі па сферы раслінаводства за 9 месяцаў у цэлым выконваюцца», – рэзюмаваў У. Яраховіч. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ