Аператар па рабоце з падсоснымі парасятамі свінагадоўчага комплексу СВК «Маяк Браслаўскі» Алена Панцялейка стала пераможніцай штомесячнага абласнога спаборніцтва па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі.
А. Панцялейка працуе на адным з самых адказных і складаных участкаў вырошчвання свіней – з парасятамі ад нараджэння да двухмесячнага ўзросту. Аператар бачыць, як яны з’яўляюцца на свет, дапамагае рассарціраваць маленькіх па клетках і даглядае іх. У кожным загоне каля свінаматкі (а іх у даглядчыцы больш за 50) знаходзіцца ад 10 да 12 парасят.
Кожную раніцу Алена праглядае клеткі і ўдзяляе ўвагу кожнаму парасяці: па знешніх прыкметах яна выяўляе хворых, тых, хто недаядае, або каго «крыўдзяць» большыя асобіны. Пры неабходнасці выклікае ветурача.
Алена расказвае, што парасяты, асабліва калі падрастаюць, патрабуюць увагі не толькі ад мамы, а і ад даглядчыцы: адны хочуць, каб тая пачухала за вушкам, другія проста труцца каля ног. Асаблівую ўвагу заўсёды маюць незвычайныя парсючкі: рыжанькія або белыя з чорнымі плямамі. Яны выдзяляюцца на фоне іншых і здаюцца нейкімі асаблівымі. Аператар прызналася, што сярод 500 малых заўсёды знойдзецца некалькі любімчыкаў, якія вельмі ласкавыя і пры кожным выпадку бягуць насустрач.
А. Панцялейка на свінакомплексе працуе ўжо 6 гадоў і сёння кажа, што работай сваёй яна задаволена, як і добрым калектывам.
У жніўні яе падапечныя кожны дзень прыбаўлялі ў вазе ў сярэднім па 295 грамаў. Менавіта такі вынік прывёў Алену да перамогі ў абласным спаборніцтве.
За працоўныя дасягненні работніцы падзякавалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Вялічка і начальнік свінакомплексу Яўген Ракіцкі: яны ўручылі А. Панцялейка кветкі, грамату і грашовую прэмію. ■