Чарговым героем нашага праекта «Пішам гісторыю разам» стаў жыхар райцэнтра Анвер Гембіцкі. Фота, дзе ён бяжыць на лыжах, мы знайшлі ў газеце «Браслаўская звязда» № 12 ад 21 студзеня 1971 года.
Пад фотаздымкам размешчана невялікая нататка, у якой гаворыцца, што «… з цэнтральнай плошчы Браслава стартавала зорная лыжная эстафета. Яна прысвячаецца XXIV з’езду КПСС, XXVII з’езду КПБ, XVII абласной партыйнай канферэнцыі. У прабегу прынялі ўдзел камсамольцы Друйскага сельскага прафесіянальна-тэхнічнага вучылішча № 39 А. Гембіцкі, сакратар камітэта камсамола (на здымку справа), Д. Белавус і іншыя.
Браслаўчане перадалі эстафету і рапарт камсамольцаў і моладзі раёна камандзе горада Глыбокага, а 20 студзеня зорная эстафета фінішавала ў абласным цэнтры».
…Анвер нарадзіўся ў простай сям’і: яго бацька рамантаваў абутак, а маці дома гадавала дзяцей. Дарэчы, у сям’і іх было чацвёра. Браслаўчанін з дзяцінства быў вельмі актыўным, яго заўсёды цягнула на вуліцу бегаць, гуляць з хлопцамі ў футбол і іншыя рухавыя гульні. У школе самым любімым урокам жвавага вучня была фізкультура. Ён з радасцю ўдзельнічаў у спаборніцтвах, хадзіў у паходы і шмат трэніраваўся. У той час у раёне Анвер быў адным з лепшых бегуноў на доўгія дыстанцыі, менавіта ў гэтым напрамку ён адчуваў сваю моц. Таксама, успамінае А. Гембіцкі, не аднойчы падчас турыстычных злётаў школьнікаў ён станавіўся чэмпіёнам па вязанні вузлоў. Спаборніцтва выглядала прыкладна так: за 3 хвіліны турыст павінен быў зрабіць найбольшую колькасць спецыяльных вузлоў, развязаць і назваць кожны з іх. Анвер паспяваў справіцца з 17-цю. Расказвае, што і сёння можа выканаць палову з іх.
Калі прыйшоў час вызначацца з прафесіяй, А. Гембіцкі выбраў Віцебскі тэхнікум фізкультуры. Адвучыўся, адслужыў у войску і пачаў настаўнічаць.
СТАНАЎЛЕННЕ Ў ПРАФЕСІІ І ЖЫЦЦІ
Сваю прафесійную кар’еру А. Гембіцкі пачаў са Слабодкаўскай школы. Потым працаваў у Друйскім СПТВ. Тут ён і стаў сакратаром камітэта камсамольскай арганізацыі. Менавіта ў гэты час Анвер трапіў на старонку газеты «Браслаўская звязда». Настаўнік нядрэнна знаходзіў агульную мову з хлопцамі і дзяўчатамі, але заўсёды хацеў працаваць з дзецьмі.
Прыйшоў час, калі для настаўніцтва сярэдняй адукацыі стала мала і ўжо дарослага амбіцыёзнага мужчыну паставілі перад выбарам: закончыць ВНУ ці развітацца з трэнерскай кар’- ерай. Анвер без разважанняў паступіў у інстытут.
У хуткім часе А. Гембіцкі – ужо трэнер спартыўнай школы ў Браславе: ён рыхтаваў лёгкаатлетаў. Яго вучні часта дэманстравалі добрыя вынікі.
У 1982 годзе мужчына зноў змяніў установу адукацыі і стаў настаўнікам фізкультуры ва Урбанскай школе. Менавіта гэтае працоўнае месца Анвер лічыць асноўным у жыцці. Тут ён займаўся з дзецьмі да самай пенсіі. Тады яго вучні дабіваліся найлепшых поспехаў у спартыўных спаборніцтвах. А ў той час за перамогі плацілі грошы, якія настаўнік выдаткоўваў на інвентар. Такім чынам, у школе было ўсё неабходнае для паўнацэннага трэніровачнага працэсу.
Дарэчы, яшчэ адно захапленне А. Гембіцкага – веласіпед. Ён часта ездзіў на ім на працу, проста катаўся і так адпачываў душой. Напэўна, многія браслаўчане памятаюць Анвера менавіта на гэтым сродку руху. Мужчына ж расказвае, што велапрагулкі зніклі з яго жыцця толькі на пенсіі, і то – толькі пасля сур’ёзнай траўмы.
Сёння былы настаўнік расказвае, што ганарыцца сваімі выхаванцамі, некаторыя з якіх таксама сваё дзіцячае захапленне спортам ператварылі ў прафесію, і з нейкай непадкупнай дзіцячай асалодай пералічвае іх імёны.
Што датычыцца асабістага жыцця нашага героя, то і тут ён лічыць, што адбыўся як муж, бацька, і цяпер ужо з асаблівым задавальненнем назірае за станаўленнем сваіх унукаў і праўнукаў. Сваю будучую жонку Анвер знайшоў на вяселлі сябра ў суседняй Латвіі. Там ён, ужо дарослы 27-гадовы хлопец, пазнаёміўся з прыгожай дзяўчынай, якая адразу запала яму ў душу. Праз некаторы час напісаў ёй ліст, дзе прапанаваў сустрэцца зноў. Яна пагадзілася…
Анвер кінуў усе справы і паехаў да Тамары ў госці. Праз тыдзень яны вырашылі ажаніцца. А. Гембіцкі прывёз яе ў Браслаў, тут яны выгадавалі дваіх дзяцей. Так і прайшлі разам праз усё жыццё. Анвер шмат часу аддаваў любімай справе, праводзіў заняткі ў школе, быў суддзёй на раённых спаборніцтвах, ездзіў з вучнямі на абласныя і заўсёды ведаў, што сямейны ачаг беражэ любая жонка.
ДЗЕДАВА РАДАСЦЬ
Ужо некалькі гадоў унучка Анвера Гембіцкага Дар’я таксама сур’ёзна займаецца спортам. Па словах дзяўчыны, спачатку ў раёне яе пазнавалі па прозвішчы, на спаборніцтвах часта казалі: гэта ж унучка Гембіцкага! Потым яна ўпэўнена даказала свае генатыпныя схільнасці. Даша выбрала для сябе лыжны спорт, а дакладней – біятлон. Дзяўчына шмат трэніруецца і ўжо мае асабістыя дасягненні. У гэтым годзе, напрыклад, у зімовым шматбор’і «Здароўе» ў вобласці заняла 4 месца, а сярод школьнікаў з сельскіх раёнаў стала другой.
Дар’я марыць звязаць свой лёс са спортам назаўсёды, першыя крокі для гэтага яна ўжо зрабіла, наступным будзе паступленне ў ВНУ, дзе юная браслаўчанка плануе атрымаць прафесію трэнера.
Да спорту Даша прыцягнула і сваю дзесяцігадовую пляменніцу, дзедаву праўнучку Паліну. Тая таксама вельмі палюбіла лыжы і ўжо падчас спаборніцтваў у раёне паказала, што на многае здольная. Так, дзяўчынка заняла трэцяе месца ў сваёй узроставай групе, у вобласці ж стала дзевятнаццатай з 50 стартуючых.
Дар’я жартуе, што, калі стане трэнерам, з задавальненнем возьмецца за спартыўную кар’еру Паліны.
Дарэчы, у сям’і ўсе падтрымліваюць дзяўчат у іх імкненні да спорту. Бацькі, дзядуля і бабуля разам ужо купілі для Дашы лыжы, палкі, спецыяльны абутак і нават вінтоўку. Летам плануюць набыць для Паліны лыжы-ролеры для трэніровак у міжсезонне.
Асабліва рады за сваіх крывінак дзед. Кажа, што бачыць у іх працяг сябе. ■