Лукашэнка – сілавікам: неабходна быць гатовымі да любых падзей

Новости
Аляксандр Лукашэнка правёў вялікую нараду з сілавым блокам краіны. Яна прайшла з удзелам прадстаўнікоў і кіраўніцтва органаў пракуратуры, Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, Следчага камітэта, КДБ, МУС, Мінабароны, МНС, Дзяржпагранкамітэта, ДМК, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, судоў агульнай юрысдыкцыі, кіраўнікоў рэгіёнаў.

Галоўнай тэмай сталі нацыянальная бяспека і сітуацыя ў сілавым блоку. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што пытанні процідзеяння знешнім і ўнутраным пагрозам павінны быць на асаблівым кантролі, неабходна быць гатовымі да любых падзей.

На гэтым фоне Прэзідэнт адзначыў, што найвышэйшы ўзровень знешніх пагроз для Рэспублікі Беларусь вымушае звярнуць самую пільную ўвагу і на пагрозы ўнутраныя. «Тым больш што гэта – звёны аднаго ланцуга», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. У цэлым, як дакладваюць кіраўніку дзяржавы, крымінагенная сітуацыя ў краіне пад кантролем: агульная колькасць злачынстваў практычна не змянілася. Скарацілася колькасць забойстваў.

«Разам з тым гэта не падстава для расслаблення. У мінулым годзе існаваў шэраг адмоўных тэндэнцый, на якія нам абавязкова трэба звярнуць увагу. Недастатковай з’яўляецца работа па папярэджанні злачынстваў, асабліва махлярстваў. Колькасць пацярпелых ад гэтых махляроў павялічылася ў два разы. Амаль у пяць разоў узрасла колькасць пенсіянераў, пацярпелых ад так званых тэлефонных махляроў», – звярнуў увагу беларускі лідар.

У сувязі з гэтым ён пацікавіўся, якія меры плануе прыняць міліцыя сумесна з іншымі дзяржаўнымі органамі ў дадзеным напрамку. «Гэтых людзей нам трэба абараніць. Дзеці і пенсіянеры павінны разумець, што дзяржава заўсёды падставіць ім плячо і іх абароніць», – падкрэсліў А. Лукашэнка. ■

Паводле матэрыялаў БелТА