Аляксандр Лукашэнка заклікаў суайчыннікаў берагчы сваю краіну. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў ля Кургана Славы, прымаючы ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды Дня Незалежнасці.
«Сёння наша краіна адзначае галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень Незалежнасці. Мы сустракаем яго каля велічнага помніка. Помніка, узведзенага ў гонар герояў, якія вызвалілі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Курган Славы – святое месца. Тут грымелі жорсткія баі, тысячы салдат і афіцэраў аддавалі свае жыцці дзеля будучых пакаленняў. «Тут крывёю змацоўваліся брацкія повязі вялікай шматнацыянальнай краіны. Байцы не дзялілі сябе на беларусаў і рускіх, украінцаў і казахаў, армян і грузінаў, таджыкаў і кіргізаў, азербайджанцаў, узбекаў і іншых. Не дзялілі зямлю на сваю і чужую. Яны змагаліся за нашу адну Айчыну», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
«Наваяўленым нацыстам не перашкаджала б перагледзець гэтыя кадры кінахронікі. Яны хочуць забыцца, але мы з вамі не павінны гэтага дазволіць. Гэта ніхто не павінен забыць. Не павінны забыць, каб не паўтарылася зноў», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што Беларусь шануе і памятае подзвіг савецкага народа. Сёння ўсе нашы мемарыялы ў кветках. У кожным кутку Беларусі. Прыходзячы да іх, да гэтых магіл і помнікаў, беларусы схіляюць галовы і перад сваімі суайчыннікамі, і перад воінамі з брацкіх рэспублік. «Тысячы з іх знайшлі апошні прытулак у нашай зямлі. Імёны многіх носяць вуліцы нашых гарадоў, яны будуць жыць у сэрцы ўсяго беларускага народа вечна. Нізкі паклон і вечная памяць пераможцам!» – сказаў Прэзідэнт.
«Дарагія сябры! Будучыня Беларусі ствараецца вашымі марамі і жаданнямі, якія ўвасабляюцца ў жыццё дзякуючы працавітасці і адказнасці кожнага з нас. У нас з вамі адна зямля, адна краіна – наша Беларусь. Гэта наша самая вялікая каштоўнасць. Яны (пакаленне пераможцаў) завяшчалі нам берагчы яе. Мы яе захавалі. Цяпер ваша чарга – моладзі. Беражыце гэты кавалак зямлі, іншага ў вас не будзе», – звярнуўся да беларусаў Аляксандр Лукашэнка. ■
Паводле матэрыялаў БелТА.