Аляксандр Лукашэнка арыентуе парламент бягучага склікання на вырашэнне ўсіх задач па развіцці Канстытуцыі да заканчэння паўнамоцтваў.
Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімірам Андрэйчанкам.
Прэзідэнт адзначыў, што ў рабоце цяперашняга склікання парламента за мінулы час не заўважыў нейкіх недахопаў. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка пазначыў неабходнасць абмеркаваць вынікі дзявятай яго сесіі і задачы на дзясятую. «Трэба ўсе задачы вырашыць, якія стаяць перад нашым парламентам. Таму што новаму складу не варта гэта пакідаць. Ды і мы можам вырашыць пытанне, асабліва па развіцці нашай Канстытуцыі. Трэба ўсе законы прыняць. Хацелася б пачуць, што ў нас там засталося. Быццам бы нядрэнна ідзём у гэтым плане», – сказаў Галава дзяржавы.
Прэзідэнт таксама заявіў пра гатоўнасць абмеркаваць іншыя пытанні: «Можа быць, у дэпутатаў ёсць нейкія праблемы, просьбы. Я гатовы адрэагаваць. А ўвогуле, ядро парламента, па-мойму, нядрэннае. Дэпутаты не баяцца выходзіць да людзей, у СМІ лідараў парламента мы бачым. Але наступны парламент, натуральна, будзе адрознівацца ад цяперашняга. Таму што і задачы больш глабальныя, і сітуацыя няпростая».
«Так, народ будзе вызначаць, народ будзе абіраць, але народ трэба праінфармаваць, – адзначыў Прэзідэнт. – Таму трэба расказаць падрабязна, дэталёва пра сітуацыю. Як працаваў парламент. Ды і нагадаць людзям пра яго функцыі. Таму што так ужо склалася з савецкіх часоў, што людзі прывыклі, што дэпутаты павінны і дах адрамантаваць, і плот паправіць. Мы даўно ўжо ад гэтага адышлі, у нас невялікі парламент па колькасці. І ён займаецца заканатворчасцю. Гэта галоўная яго праца». ■
Паводле матэрыялаў БелТА