Ніякай вайны ў сучасных умовах на тэрыторыі нашай краіны не будзе, гэта немагчыма. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на патрыятычным форуме «Мы – беларусы!», прысвечаным Дню народнага адзінства.
«Звяртаючыся сёння да беларусаў, як Прэзідэнт і галоўнакамандуючы хачу вас запэўніць: мы не хочам ваяваць, і не будзем ваяваць. Ніякай вайны ў сучасных умовах на тэрыторыі Беларусі не будзе. Таму што гэта немагчыма», – сказаў Галава дзяржавы.
«І калі не дай бог нешта здарыцца, мы ўсе станем Брэсцкай крэпасцю. Мы будзем да апошняга салдата і чалавека-беларуса абараняць сваю зямлю, якая належыць нашым дзецям, – падкрэсліў беларускі лідар. – Мы гэта будзем рабіць у імя міру на роднай зямлі, у імя Беларусі, якую мы ствараем на падмурку перамог, дасягненняў, вопыту і памяці нашых гераічных продкаў».
Кіраўнік краіны падкрэсліў: беларусы – самая міралюбівая нацыя на зямлі. «Якія б унутрыпалітычныя падзеі ў нашых суседзяў ні адбываліся, народы, яшчэ раз паўтараю, палякі, літоўцы, латышы, украінцы, павінны разумець: мы – самая міралюбівая нацыя на зямлі. Ні атамнай зброяй, ні нейкімі падраздзяленнямі – «Вагнер» і гэтак далей – мы не размахваем і нікому не пагражаем», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт, аднак, нагадаў пра гістарычныя факты: «мы і тады нікому не пагражалі. Але нас сцерлі фактычна з твару зямлі. У апошняй вайне мы страцілі кожнага трэцяга. І тады бестурботнасць і самазаспакоенасць адыгралі не апошнюю ролю ў тым, што мы ледзь не страцілі Беларусь».
«Таму мы гэта памятаем. Мы вучылі і вучым гісторыю і заўсёды будзем гатовыя абараніць нашу Айчыну і нашу зямлю», – дадаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заклікаў грамадзян Беларусі жыць спакойна, не перажываць, гадаваць дзяцей, ён таксама пажадаў беларусам шчасця і берагчы родную зямлю. ■
Паводле матэрыялаў БелТА