У кабіну МАЗа — як у госці. Глядзіце, як вадзіцель з Браслаўскага раёна клапоціцца пра сваю машыну

Новости
Ёсць такія людзі, якія не проста ходзяць на працу, каб зараблять грошы, – яны на самай справе шчыра любяць тое, чым займаюцца. І каб распазнаць такога, не абавязкова праводзіць з ім шмат часу і гутарыць пра прафесію гадзінамі. Бывае, што дастаткова проста зазірнуць на яго працоўнае месца. Утульнасць і парадак часта азначаюць, што чалавеку тут прыемна знаходзіцца, ён траціць час і сродкі на тое, каб насыціць кожны працоўны дзень максімальна станоўчай энергіяй. Калі я трапіла ў кабіну МАЗа Андрэя Бейнаровіча, вадзіцеля ААТ «Браслаўскі райаграсэрвіс», перад тым, як сфатаграфаваць яго, зразумела, што ён менавіта з такіх.

Сустрэліся мы на майстэрні, дзе Андрэй завіхаўся вакол сваёй машыны, з жалем сказаў, што цяпер транспарт стаіць на рамонце. Патрэбную запчастку прывязуць толькі заўтра. Але сёння ён не траціў дарэмна час і ўжо ўсё падрыхтаваў, каб хутка замяніць дэталь.

Магутны МАЗ быў чысты і, што бывае нячаста з неасабістай тэхнікай, крыху ўдасканалены: у кабіне грала музыка. Калі папрасіла Андрэя сесці ў аўтамабіль для фотаздымка, на верхняй прыступцы ён разуўся. Зазірнула ўнутар: чысціня, прыгожыя чырвоныя кожанныя посцілкі пад нагамі, прыемны пах і агульная ўтульнасць.

Сам А. Бэйнаровіч з прыемнай усмешкай паказвае сваё працоўнае месца і кажа, што любіць машыны, сваю прафесію і рады, што калісьці выбраў менавіта такі шлях заробку. Дарэчы, ён у маладога мужчыны даволі высокі. У асноўным вадзіцель возіць даламіт па ўсім Браслаўскім раёне і часткова абслугоўвае Шаркаўшчынскі. У час жатвы перавозіць збожжа, у корманарыхтоўку – сянаж. На МАЗе Андрэй працуе чацвёрты год, а раней быў трактарыстам. Задаволены, што дадаткова адвучыўся і цяпер мае права кіраваць вялікагрузным аўтамабілем.

Дырэктар гаспадаркі Аляксандр Міхайлаў характэрызуе А. Бейнаровіча станоўча, кажа, што такія, як ён, складаюць касцяк кадраў, на які можна разлічваць у любы момант. «Андрэй адказны і працавіты, добры, дапаможа, калі трэба», – так адгукаюцца пра яго і калегі. ■

Ольга ПОТАПОВИЧ