У Браславе адзначылі 35-годдзе БелТІ

Новости
Дзейнасць грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў» – яскравы прыклад таго, як людзі з незвычайнай сілай духу, мэтанакіраванасцю і ўменнем дасягаць поспеху, пераадольваючы жыццёвыя цяжкасці, аб’ядноўваюцца, каб дапамагчы іншым. Менавіта такія сабраліся на ўрачыстае мерапрыемства «Свет дабрыні і адкрытых сэрцаў», што прайшло ў Браславе з нагоды 35-годдзя БелТІ.

Каля пяці дзясяткаў членаў раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў святкавалі яго юбілей. Да іх далучыліся ганаровыя госці – начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Наталля Спірыдонава, дырэктар ТЦСАН Вікторыя Атрашкевіч, прадстаўнікі віцебскага і наваполацкага падраздзяленняў грамадскага аб’яднання.

Са слоў падзякі пачала сустрэчу кіраўнік раённай суполкі Людміла Сінкевіч. Яна адрасавала іх як гасцям, спонсарам – Віцебскай абласной арганізацыі БелТІ і СВК «Маяк Браслаўскі», так і людзям з інваліднасцю – добрым, адказным, моцным духам і таленавітым. Найбольш актыўных удзельнікаў і прызёраў творчых фестываляў і конкурсаў рознага ўзроўню (якія, дарэчы, парадавалі прысутных сваімі выступленнямі) Л. Сінкевіч адзначыла граматамі. Ды і сама яна паказвае годны прыклад: старшыня абласной арганізацыі Эдуард Авецісян падчас святкавання ўручыў браслаўчанцы дыпломы I і II ступені за работы, выстаўленыя ў намінацыях «Жанравыя лялькі» і «Жывапіс» на міжнароднай выстаўцы ў Мінску, прымеркаванай да юбілею, а таксама Падзячны ліст за працу. Важнасць дзейнасці, якая ажыццяўляецца ў раёне членамі аб’яднання для стварэння магчымасцей удзелу людзей з інваліднасцю ва ўсіх сферах жыцця грамадства, падкрэсліла і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Наталля Спірыдонава.

Мерапрыемства адбылося ў цесным сяброўскім коле: дарэчы прыйшліся і пачастункі, і душэўныя зносіны, пазітыўны настрой падтрымлівалі цудоўныя вакальныя і харэаграфічныя нумары канцэртнай праграмы, падрыхтаванай гімназістамі і салістамі Раённага цэнтра культуры, а адмысловы музычны падарунак ад вядомага на Браслаўшчыне аніматара стаў сапраўдным сюрпрызам для прысутных. ■

Жанна БЕЛЬКО