Аляксандр Лукашэнка на саміце ЕАЭС у Санкт-Пецярбургу заявіў, што ў саюзе захоўваецца высокі ўзровень самазабеспячэння сыравіннымі рэсурсамі і ключавымі відамі харчавання.
«Што вельмі важна. Шмат казалі, што мы не зможам жыць самастойна. Вось – ключавымі відамі мы забяспечаны», – заўважыў беларускі лідар.
Напрыклад, краіны ЕАЭС утрымліваюць другое месца ў свеце па здабычы нафты і газу, вытворчасці мінеральных угнаенняў, трэцяе – па вытворчасці пшаніцы, бульбы, жывёлагадоўчай прадукцыі, чацвёртае – па здабычы вугалю. «Разбежкі зусім невялікія ад лідараў», – удакладніў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў самым пачатку функцыянавання ў ЕАЭС было адмоўнае сальда знешнегандлёвага балансу па таварах харчовай групы, якое ў 2015 годзе склалася ў памеры амаль $13 млрд.
«Цяпер, дзякуючы сумеснай рабоце ў рамках саюза, ліквідавалі дысбаланс і выйшлі ў плюс па харчаванні. Гэта найважнейшы фактар. Людзей накармілі сваіх і забяспечваем іншыя краіны свету. Дасягнуты высокі ўзровень харчовага самазабеспячэння, які, да прыкладу, па Беларусі складае амаль 100 працэнтаў. За кошт уласнай вытворчасці мы пакрываем свае ўнутраныя патрэбы ў збожжы, свініне, мясе птушкі, малацэ, гародніне, раслінных алеях, курыным яйку і ў іншых прадуктах», – сказаў беларускі лідар.
«Пастаўце нам, не скнарнічайце», – не без долі гумару заўважыў на гэта Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.
Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама звярнуў увагу, што такія вынікі дасягнуты ў вельмі неспрыяльных знешніх умовах, калі геапалітычныя канкурэнты адкрыта намерыліся разарваць і раз’яднаць саюзнікаў. «Але мы разам справіліся з гэтым выклікам і паступальна рухаемся наперад», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. ■
Паводле матэрыялаў БелТА