Навучэнцы і педагогі СШ № 1 імя А.М. Жданава падрыхтавалі канцэрт для ветэрана Івана Кожара

Да 80-годдзя вызвалення Беларуси
Са шчырай удзячнасцю за ратны подзвіг партызана, які набліжаў Перамогу, і самаадданую працу дзеля Радзімы завіталі навучэнцы і педагогі СШ № 1 імя А. М. Жданава да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Іванавіча Кожара. Акрамя цёплых слоў, шчырых пажаданняў і кветак, госці падрыхтавалі яму асаблівы падарунак: ім стаў душэўны святочны канцэрт.

Іван Іванавіч быў вельмі рады пабачыцца са сваімі сябрамі-жданаўцамі. Ён пагутарыў з настаўнікамі, адзначыў, як падраслі навучэнцы, якіх ён добра ведае. І хоць, па словах дырэктара школы Людмілы Стальмачонак, Дзень Перамогі вядомы як свята радасці і адначасова смутку, але ў дадзеным выпадку слёзы на вачах – гэта шчаслівыя эмоцыі ад сустрэчы блізкіх людзей.

Разам з традыцыйнымі цюльпанамі дзеці ўручылі І. Кожару незвычайны букет, у якім былі кветкі і выява голуба – сімвалы пераможнай вясны, міру і стварэння, а таксама лісты да ветэрана. Напісалі іх навучэнцы кожнага класа: яны віншавалі Івана Іванавіча з вялікім святам, дзякавалі за Перамогу, расказвалі пра школьныя справы.

Дарэчы, у канцэртнай праграме І. Кожар прыняў самы непасрэдны ўдзел. Так, былы партызан са свайго месца падпяваў выканаўцам кожнай вядомай песні ваенных гадоў, а пры першых гуках урачыстай мелодыі «Дня Перамогі» і ўвогуле накіраваўся да мікрафона. Не забыўся ветэран і пра наказ гасцям – мірна жыць, працаваць, ствараць сем’і , выхоўваць дзяцей у духу патрыятызму.

Да віншавання Івана Іванавіча Кожара таксама далучыліся прадстаўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённых арганізацый прафсаюза работнікаў дзяржустаноў, грамадскага аб’яднання ветэранаў ды Беларускага Чырвонага Крыжа. ■

Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара.