У Браславе правялі дыялогавую пляцоўку на тэму дзяржаўнай сімволікі

Новости
Выказаць павагу да беларускіх сімвалаў і гонар за прыналежнасць да сваёй Радзімы – так начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Браслаўскага райвыканкама Наталля Спірыдонава акрэсліла мэту дыялогавай пляцоўкі, якая адбылася на базе гімназіі напярэдадні Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

Адкрылася мерапрыемства сумесным выкананнем гімна – яго ўрачыста і зладжана спявалі ўсе прысутныя. Сярод іх былі прадстаўнікі мясцовай улады, дэпутацкага корпуса Браслаўшчыны, арганізацый, грамадскасці і найбольш актыўныя навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна – тыя, хто незалежна ад роду заняткаў і пасады робіць усё магчымае дзеля росквіту роднага краю.

Пачалася праца дыялогавай пляцоўкі з экскурсу ў гісторыю сімвалаў нашай краіны. Навуковы супрацоўнік гісторыка-краязнаўчага музея Валерый Гордаў нагадаў шляхі станаўлення і развіцця сцяга, герба і гімна Беларусі і адзначыў, што ў іх беражліва захаваны рысы, якія перадаюць культурную спадчыну, нацыянальны дух, годнасць беларускага народа, адлюстроўваюць яго мірныя, стваральныя мэты.

У ходзе адкрытай размовы яе ўдзельнікі абмеркавалі ролю і значэнне дзяржаўных сімвалаў як для краіны ў цэлым, так і ў жыцці асобнага чалавека. Юнакі і дзяўчаты цікавіліся іх уплывам на станаўленне маладых людзей як грамадзян, на патрыятычнае выхаванне. Увогуле ж спектр разгледжаных тэм атрымаўся дастаткова шырокім: школьнікі задавалі спікерам пытанні пра VII Усебеларускі народны сход, спалучэнне працоўнай дзейнасці з грамадскай работай, прызыўную кампанію і службу ў арміі, дасягненні Відзаўскага каледжа, адносіны да малой радзімы, якасці сапраўднага патрыёта і інш.

Сустрэча праходзіла ў надзвычай прыязнай атмасферы і была прасякнута цёплымі пачуццямі да роднай зямлі. Старшыня райсавета Ніна Пучынская пажадала моладзі захоўваць гонар за Браслаўшчыну, шчырай працай, добрай вучобай, актыўнай жыццёвай і грамадзянскай пазіцыяй уносіць уклад у яе развіццё і заклікала навучэнцаў паважаць дзяржаўныя сімвалы, тым самым надаючы ўпэўненасці сабе і праяўляючы сваю любоў да нашай Радзімы. ■

Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара