Афіцыйна пасяўная ў Беларусі стартавала 15 сакавіка ў паўднёвых рэгіёнах краіны, на поўначы – пазней. У планах Мінсельгасхарчу – атрымаць у 2024 годзе не менш за 9 млн тон збожжа, і ўсе сілы сёння накіраваны на выкананне плана. Віцебшчына ўслед за іншымі таксама завяршае пасяўную кампанію, на фінішы і браслаўчане.
Азіраючыся назад, можна канстатаваць, што пасяўная ў раёне прайшла ў даволі складаных умовах. Красавік быў багаты на дажджы, якія зрабілі глебу вельмі вільготнай, месцамі на палях нават стаялі лужыны – трактары не маглі працаваць на такіх палетках. Былі і іншыя праблемы ў аграрыяў, напрыклад, не абышлося без паломак тэхнікі, але трэба адзначыць, што ўвогуле браслаўчане справіліся з пастаўленай задачай.
На раніцу 16 мая ў раёне засеяна 5 777 га яравымі збожжавымі і зернебабовымі культурамі. Па інфармацыі райсельгасхарчу, заканчваюць гэтую работу ў «Маяку Браслаўскім», дзе на пазначаную дату засеяна 97,3 % плошчаў, ПСГП «Урбаны» – 92 %, «Агравідзы» – 91,3 %. У аўтсайдарах засталася толькі «Бярэзіца»: тут пакуль пасеяна 75,3 % яравых збожжавых.
У ААТ «Агравідзы» сёлета было запланавана заняць 1 250 га яравымі. На раніцу чацвярга пасяўны атрад выйшаў на фінішную прамую, засеяўшы 1 141 га, або 91,3%, з іх на плошчы 419 га ляглі зернебабовыя культуры.
Паралельна ідзе сяўба кукурузы на сілас (пакуль план выкананы толькі на 16,1 %), аднагадовых траў і падсеў – шматгадовых. ■
Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.