Пра што пісала «Браслаўская звязда» 50 гадоў таму назад (май 1974-га)

Отдых

НА ПАРАДКУ ДНЯ – РАШЭННІ З’ЕЗДА

Моладзь краіны жыве пад уражаннямі XVII з’езда камсамола. Юнакі і дзяўчаты вывучаюць прамову Генеральнага сакратара ЦК КПСС тав. Л. І. Брэжнева, актыўна абмяркоўваюць вынікаючыя з яе задачы ВЛКСМ. Цікава прайшоў сход камсамольцаў калгаса імя Жданава, якія, акрамя таго, узялі канкрэтныя абавязацельствы па ўдзеле ў вытворчасці, у павышэнні сваіх ведаў.

ПРЫСВЯЧАЕЦЦА ЗНАМЯНАЛЬНАЙ ДАЦЕ

Настаўнікі і вучні Казянскай сярэдняй школы рыхтуюцца да 30-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пра гэтае свята ідзе размова на ўроках гісторыі, грамадазнаўства. Школьная агітбрыгада рэгулярна выступае з канцэртамі, праграма якіх складаецца з ваенна-патрыятычных песень, вершаў пра нашу савецкую Радзіму, пра герояў вайны.

РЫХТУЮЦЦА ДА СВЯТА ВЯСНЫ

У дванаццаць гадзін 26 мая пачнецца ўрачыстая частка свята Вясны ў Слабодкаўскім сельсавеце ў традыцыйным месцы – ва ўрочышчы Рог. Пераможцаў спаборніцтва на сяўбе яравых будуць віншаваць прадстаўнікі моладзі, медыцынскіх і гандлёвых работнікаў. Кіраўнікі калгасаў уручаць ім каштоўныя падарункі, і сама «Вясна» павяжа стужкі славы.

АДЧЫНІЛАСЯ «ЗЯЛЁНАЯ АПТЭКА»

З надыходам вясны наступіў час збору многіх лекавых раслін. Усе работнікі аптэк раёна прымаюць самы актыўны ўдзел у гэтай высакароднай справе. Неацэнную дапамогу аказваюць ім школьнікі. Так, піянерскі атрад Плюскай СШ сабраў 23 кілаграмы зёлак, Дубраўскай і Замошскай васьмігодак – 24 і 6 кг, Відзаўскай СШ – 5 кг. Летам жа асартымент раслін значна пабольшае. ЗВАРОТ камсамольцаў калгаса імя Варашылава да выпускнікоў школ раёна: «У нашай гаспадарцы працуюць 65 юнакоў і дзяўчат, большасць з іх – у паляводстве і жывёлагадоўлі. На працягу апошніх трох гадоў 17 выпускнікоў, якія скончылі Далёкаўскую СШ, засталіся працаваць на палях і фермах роднага калгаса, 30 паступілі ў сельгасустановы. Сёлета мы таксама чакаем ад школы папаўнення. Калі ласка ў родныя калгасы!»

ДА ВЕДАМА НАСЕЛЬНІЦТВА!

– Магазіны «Спорттавары» і гаспадарчы ларок № 2 на тэрыторыі калгаснага рынка г. Браслава прадаюць талоны на бензін усіх марак рыначнага фонду. – КБА прымае заказы на выраб мармуровых і гранітных помнікаў, калодежных кольцаў, дываноў прыложачных, гальштукаў мужчынскіх каляровых.

ПА НЕАПУБЛІКАВАНЫХ ПІСЬМАХ

У дасланым у рэдакцыю пісьме жыхары г. п. Відзы скардзіліся на грубасць памочніка кінамеханіка і дрэнную якасць дэманстрацыі фільмаў. Дырэктар галаўнога раённага кінатэатра даў адказ: «Указаныя факты мелі месца. 30 красавіка быў паказаны фільм «Фантамас» 3-й катэгорыі, у выніку чаго ў 1-й серыі стужка ірвалася пяць разоў. Дырэкцыя прыме ўсе меры для паляпшэння якасці дэманстрацыі фільмаў на гэтай устаноўцы. Памочнік кінамеханіка папярэджаны». ■

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.