Вялікая Айчынная вайна нанесла вялікія страты Беларусі, таму ў пасляваенныя гады пачалося аднаўленне гаспадаркі па ўсіх напрамках. Як праходзіла вяртанне да мірнага жыцця на Браслаўшчыне? Мы зрабілі падборку фактаў з розных сфер жыцця.
У пасляваенны перыяд вялікая ўвага была ўдзелена развіццю мясцовай прамысловасці. Ужо ў 1950-м на тэрыторыі Ахрэмавецкага сельсавета дзейнічалі больш за 10 сельгасарцелей. Існавалі таксама калектыўныя гаспадаркі імя Молатава, «Слава», «Шлях Сталіна», «Праўда» і інш. У Цяцеркаўскім сельсавеце былі ўтвораны калгасы «Сталінскі шлях», «Першага мая», «Герой працы» і інш. У Замошскім, Іказненскім, Літоўшчынскім, Муражскім, Слабодкаўскім, Друйскім, Быстрамаўскім, Спрындаўскім, Плюскім сельсаветах налічвалася больш за 80 дробных сельгасарцелей. І ў 1951 – 1953 гг. пачалося іх аб’яднанне ў калгасы.
На базе арцелей, якія былі створаны пры калгасах, нараджалася ў раёне прамысловасць. Так, адна з іх перарасла ў рыбзавод, другая стала асновай для камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва. Услед за імі ў прыстасаваных памяшканнях былі арганізаваны хлебазавод, малаказавод, прамкамбінат, гароднінасушыльны завод. У 1954 г. заснавана аўтабаза. А на паўночна-ўсходнім ускрайку Браслава пачала ўтварацца прамысловая зона. Першымі тут узняліся карпусы льнозавода… Гаворачы пра ўзнаўленне, нельга не ўзгадаць пра ГЭС «Дружба народаў», якая стала на той час важнейшым народнагаспадарчым аб’ектам на Браслаўшчыне. Закладка «першага каменя» прайшла 8 чэрвеня 1952 года. Станцыя дала першы ток 13 ліпеня 1953-га года, а 19 ліпеня адбылося яе ўрачыстае адкрыццё.
Цікава, што да вайны ў Браславе налічвалася 442 дамы, а пасля яе было пабудавана 438. Адначасова з развіццём прамысловасці ішло ўзнаўленне і сацыяльнай сферы. Кніжны фонд бібліятэкі ў Браславе ў пачатку 40-х налічваў 6 311 экзэмпляраў. Былі таксама бібліятэкі ў Ахрэмаўцах, Літоўшчыне, а ў дробных вёсках — хаты-чытальні. Падчас вайны кніжны фонд акупанты знішчылі. Браслаўская раённая бібліятэка адкрылася ў верасні 1944-га і размяшчалася ў сучасным памяшканні тэлемайстэрні па вул. Энгельса. Пачатковы кніжны фонд быў скамплектаваны за кошт выданняў, сабраных сярод насельніцтва і прысланых з Урала і Масквы. Але ён пастаянна павялічваўся…
У 1946 – 1947 навучальным годзе ў Браслаўскім раёне працавалі 75 школ: адна сярэдняя, 7 сямігадовых і 67 пачатковых. З іх 16 размяшчаліся ў тыпавых будынках, 28 – у прыстасаваных дзяржаўных памяшканнях і 31 – у наёмных. Налічваўся 5 331 вучань, 223 непаўналетнія сіраты выхоўваліся ў Опсаўскім сельскім дзіцячым доме.
Для ліквідацыі непісьменнасці ў раёне адкрываліся новыя пачатковыя школы. Ужо бліжэй да сярэдзіны 60-х гадоў тут працавалі 113 такіх устаноў.
Да вайны ў Браславе працавалі ўсяго 4 урачы і 10 работнікаў сярэдняй медыцынскай дапамогі. У час Вялікай Айчыннай вайны ўсе лячэбныя ўстановы былі знішчаны, засталася толькі адна цэнтральная бальніца без інструментаў і перавязачнага інвентару. У раён пасля заканчэння медыцынскага інстытута прыбылі ўрачы. У гады першых пасляваенных пяцігодак была цалкам адноўлена і пашырана раённая бальніца, аптэчная сетка, арганізаваны ўрачэбныя ўчасткі. Санітарная служба раёна паспяхова змагалася з эпідэмічнымі захворваннямі.