Навучальны год у Браслаўскай дзіцячай школе мастацтваў і яе філіялах скончаны. Па добрай традыцыі настаўнікі і іх вучні далі справаздачны канцэрт.
Пачалося святочнае мепрапрыемства з прывітальнага слова намесніка старшыні райвыканкама Вольгі Вялічка, якая павіншавала ўсіх з пачаткам летніх канікулаў і падзякавала за старанне ў авалодванні музыкай, дасягненні ў творчасці, аздабленне раённых канцэртаў яркімі нумарамі. Таксама яна ўручыла вучням школы Сафіі Пракоф’евай і Міхаілу Шчарбаку спецыяльныя прэміі старшыні райвыканкама.
Затым госцю свята на сцэне змянілі артысты. Больш за дзве гадзіны яны паказвалі свае ўменні ігры на музычных інструментах, лепшыя песні, танцы. Нумары ўражвалі філіграннасцю выканання музычных твораў, іх маштабнасцю і колькасцю задзейнічаных дзяцей, прадуманымі сцэнічнымі вобразамі, артыстызмам. Гледачы кожны нумар сустракалі і праводзілі бурнымі апладысментамі. Дарэчы, шэраг навучэнцаў адзначаны дыпломамі за выдатную вучобу і паспяховую канцэртную дзейнасць.
З асаблівай цікавасцю зала сачыла за выступленнем выпускнікоў ДШМ. Яны з хваляваннем выходзілі на сцэну і дэманстравалі майстэрства, якім авалодалі падчас вучобы ў музычных установах Браслава і раёна. Напрыканцы ж выпускнікам пажадалі не развітвацца з творчасцю і не забываць ДШМ. ■
Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.